У Мінску адбыліся хрэсны ход у падтрымку інстытута сям'і і сямейны фестываль

16 мая 2026

top.jpg

16 мая 2026 года ў Мінску адбыўся хрэсны ход у падтрымку інстытута сям'і, які прайшоў у рамках рэспубліканскага сямейнага форуму і фестывалю «Сям'я — адзінства веры і любові».

Хрэсны ход пачаўся ад храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы, праходзіў з малітвай аб дабрабыце, міры і ўзаемаразуменні ў беларускіх сем'ях і завяршыўся ля Свята-Духава кафедральнага сабора. Малітоўнае шэсце адбылося з вынясеннем абраза Божай Маці «Млекакарміцелька», абраза Прасвятой Багародзіцы «Эфеская» з выявамі святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага і яго жонкі полацкай князёўны Аляксандры Брачыславаўны, часціц мошчаў святых заступнікаў сям'і Пятра і Фяўронні Мурамскіх, часцінкі мошчаў святой праведнай Сафіі Слуцкай і іншых святынь.

Па прыбыцці хрэснага ходу да Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы ля храма быў здзейснены святочны малебен. Богаслужэнне ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у саслужэнні клірыкаў сабора і гасцей у свяшчэнным сане.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў

Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраваннем Віталя Сабалеўскага.

Па заканчэнні набажэнства Патрыяршы Экзарх звярнуўся да ўдзельнікаў малітоўнага шэсця з архіпастырскім словам.

У той жа дзень у Верхнім горадзе прайшоў сямейны фестываль. Цэнтральная пляцоўка ля мінскай гарадской ратушы стала месцам правядзення канцэртнай праграмы, майстар-класаў для дзяцей, зон сумеснай творчасці, а таксама прэзентацыі дзеючых праграм дапамогі сем'ям, сацыяльных праграм і праектаў прыходаў Мінскай епархіі.

Арганізатарамі мерапрыемства з боку Беларускага Экзархату выступілі Сінадальны аддзел па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства; Сінадальны аддзел па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні; Сінадальны аддзел па развіцці паломніцтва і прынясенню святынь; Брацтва ў гонар святога апостала Іаана Багаслова Мінскай епархіі; Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля».

Мерапрыемствы прайшлі пры падтрымцы і суарганізацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники,

глядзіце ў YouTube і TikTok

Фотарэпартаж