Патрыяршы Экзарх прыняў удзел у адкрыцці выставы «У пошуках страчанага. Вяртанне» на аснове матэрыялаў з асабістай калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
29 верасня 2026
29 верасня 2026 года Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін прыняў удзел у адкрыцці выставы «У пошуках страчанага. Вяртанне», падрыхтаванай на аснове матэрыялаў з асабістай калекцыі вядомага беларускага гісторыка і даследчыка, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. Экспазіцыя адкрылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Па выніках шматгадовага супрацоўніцтва Уладзіміра Ліхадзедава з загадчыцай сектара фатаграфічных даследаванняў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Святланай Харужык былі выяўлены, вывучаны і вернуты некалькі тысяч артэфактаў, якія з'яўляюцца часткай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Даследаванні праводзіліся падчас выканання праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Выстава ў Акадэміі навук прадстаўляе ўнікальны збор страчаных падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў іншыя перыяды гісторыка-культурных каштоўнасцей, вернутых у Беларусь. Адным з цэнтральных экспанатаў з'яўляецца сцяг узору 1939 года, сімвал стойкасці і адзінства беларускага народа.
У сваім прывітальным слове яго Высокапраасвяшчэнства заўважыў, што праца калекцыянераў важная для грамадства, народа, наступных пакаленняў. Многія гістарычныя святыні былі страчаны, і праз збіранне калекцый, а потым размеркаванне іх па манастырах, храмах або музеях дае ім другое жыццё.
«Вельмі важна, каб і жыхары Беларусі, і госці маглі бліжэй знаёміцца, як жыла краіна ў той ці іншы перыяд. Прычым гісторыя, пацверджаная фактамі і музейнымі экспанатамі, мацней закранае ўнутраныя струны душы чалавека. Узнікае поўнае глыбокай пашаны трапятанне: «Вось як гэта было 300-500 гадоў таму назад, вось як, аказваецца, нашы папярэднія пакаленні жылі». Нам ёсць да чаго імкнуцца, і я спадзяюся, што праца Уладзіміра Аляксеевіча, які дзеліцца сваёй калекцыяй і праяўляе велікадушнасць і любоў да Айчыны, дасць сігнал іншым калекцыянерам ўводзіць шырэй выкарыстанне прадметаў, якія для нас важныя і каштоўныя», — растлумачыў Мітрапаліт Веніямін.
Таксама ў фонд Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі перададзены больш за 200 друкаваных выданняў са штампамі бібліятэк Заходняй Беларусі да 1939 года. Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік падкрэсліў, што экспанаты, знойдзеныя гісторыкамі, калекцыянерамі і навукоўцамі, распавядаюць пра перыяды ліхалецця і трагедыі нашага народа, дазваляюць прыадчыніць да гэтага невядомыя старонкі яго жыцця і барацьбы за незалежнасць, даюць дадатковыя падставы ганарыцца сваімі продкамі, быць годнымі іх і перадаваць памяць пра іх наступным пакаленням.
Выставу можна будзе ўбачыць у Інстытуце гісторыі. На ёй прадстаўлены разцовая гравюра на цынку XV-XVI стагоддзяў (апазнавальны знак Альбрэхта Дзюрэра), медаль за ўзяцце Полацка Стэфанам Баторыем 1579 года, дакументы маёмасна-спадчыннага характару канца XVI - пачатку ХVII стагоддзя, планы беларускіх гарадоў, зацверджаныя ў 1778 і 1817 гадах, карціны XVIII - пачатку ХХ стагоддзя, дзве карціны Ф. Рушчыца, літаграфіі і гравюры ХVIII - пачатку ХХ стагоддзя, графічная серыя В. Верашчагіна «1812 год», графічная серыя Фабер дзю Фора, прадметы рэлігійнага культу, ювелірнага мастацтва, друкаваныя выданні XVII - пачатку ХХ стагоддзя, «Ироическая песнь о походе на половцов удельнаго князя Новагорода-Северскаго Игоря Святославича» 1800 года (адно з першых друкаваных выданняў «Слова пра паход Ігараў»), «Псалтыр з паследаваннем» 1811 года, Przydatek do Chronologii (трэці том) ігумена І. Сцябельскага 1783 года.
Экспанаты плануюць перадаць не толькі ў Нацыянальную акадэмію навук і Нацыянальны музей Беларусі, але і Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Мінскую духоўную акадэмію і Куцеінскі манастыр Беларускага Экзархату, Цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА», а таксама для рэалізацыі праектаў Гродзенскага аблвыканкама «Стары горад» і «Партызанскі лагер».
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,



