Пытанні праваслаўнай місіі і катэхізацыі ва ўмовах сучаснай свецкай дзяржавы былі разгледжаны на круглым стале «Рэлігійная адукацыя ў краінах СНД і Балтыі»

30 студзеня 2017

top.jpg

26 студзеня 2017 года ў Маскве ў рамках XXIII Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў адбыўся круглы стол «Рэлігійная адукацыя ў краінах СНД і Балтыі».

У мерапрыемстве, якое праходзіла ў Малахітавай зале гасцінічнага комплексу «Даніловский», прынялі ўдзел прадстаўнікі Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны і Эстоніі.

Працу круглага стала ўзначаліў рэктар Алмацінскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, вікарый Алмацінскай епархіі епіскап Каскеленскі Генадзь. Таксама на мерапрыемстве прысутнічаў епіскап Бішкекскі і Кыргызстанскі Данііл.

Ад Беларускай Праваслаўнай Царквы ў рабоце круглага стала прыняў удзел намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, настаяцель храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска ў Мінску іерэй Дзімітрый Ворса.

Адукацыя — важная сфера ўзаемадзеяння Царквы і дзяржавы. У цяперашні час ідзе паслядоўны пошук найбольш эфектыўных шляхоў супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і рэлігійных арганізацый у сферы духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі.

У рамках мерапрыемства праводзілася абмеркаванне прававых умоў рэалізацыі вывучэння вучэбных прадметаў па асновах традыцыйных рэлігійных культур у свецкіх агульнаадукацыйных школах. Разглядаліся пытанні праваслаўнай місіі і катэхізацыі ва ўмовах сучаснай свецкай дзяржавы, а таксама стварэння праваслаўных школ і ўдзелу іх у сферы адукацыі ў кантэксце царкоўна-дзяржаўнага супрацоўніцтва.

У рамках форуму, акрамя аналізу сітуацыі ў сферы рэлігійнай адукацыі, удзельнікі мелі магчымасць усталяваць працоўныя кантакты, падвесці вынікі і прапрацаваць канцэпцыю адзінай праваслаўнай адукацыйнай прасторы ў краінах кананічнай прысутнасці Рускай Праваслаўнай Царквы.

Church.by