У сталіцы Беларусі сустрэлі вялікую святыню — часцінку Пояса Прасвятой Багародзіцы [+відэа]

10 лютага 2024

top.jpg

10 лютага 2024 года ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў сустрэчу каўчэга з часцінкай шануемага Пояса Прасвятой Багародзіцы і часцінкамі мошчаў яе бацькоў — праведных Іаакіма і Ганны.

Перад пачаткам усяночнага трывання быў здзейснены малебен са спевам акафіста Прасвятой Багародзіцы.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі клірыкі кафедральнага сабора і духавенства горада Мінска.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор кафедральнага сабора пад кіраваннем рэгента Віталя Сабалеўскага.

Пры спеве першага кандака Акафіста Прасвятой Багародзіцы «Табе, найвышэйшай Ваяводзе» каўчэг са святыняй быў урачыста ўнесены ў кафедральны сабор, дзе яго прыняў Мітрапаліт Веніямін. Пасля пастаўлення каўчэга ў цэнтры храма Высокапраасвяшчэннейшы ўладыка здзейсніў каджэнне прынесенай святыні і ўзначаліў саборны спеў акафіста Прасвятой Багародзіцы. Падчас спеву акафіста здзяйснялася бесперапыннае каджэнне каўчэга.

Пасля заканчэння акафістнага спеву было прачытана Евангелле.

У завяршэнне набажэнства Патрыяршы Экзарх і святары здзейснілі слаўленне Прасвятой Багародзіцы, а затым усе прысутныя ў храме праспявалі малітву да Прасвятой Багародзіцы «Царыцы мая найдабрэйшая».

Пасля адпуста малебнга спеву да вернікаў звярнуўся Патрыяршы Экзарх, які павіншаваў прыхаджан з прынясеннем у межы Беларускай Праваслаўнай Царквы вялікай святыні — часцінкі Пояса Прасвятой Багародзіцы і мошчаў яе святых праведных бацькоў Іаакіма і Ганны:

«Мы ведаем са Свяшчэннага Пісання Новага Запавету пра тое, што нават ускладанне адзення апосталаў, нават іх цень вылечвалі хворых людзей. Тым больш Гасподзь яўляе сваю ласку праз дакрананне і поўнае глыбокай пашаны пакланенне святыні, звязанай з Яго Прачыстай і Найблагаславеннейшай Маці. Мы памятаем урывак з евангельскага апавядання пра тое, як нават у той момант, калі не прыйшоў яшчэ час Яе любаму Сыну, Госпаду нашаму Іісусу Хрысту, пачынаць сваё служэнне, Ён па просьбе Прачыстай Маці сказаў слова, і вада ператварылася ў віно. І гэта знак таго, наколькі вялікая малітва, просьба Божай Маці да Яе ўлюбёнага Сына».

«Сёння мы сабраліся ў храме не толькі для таго, каб папрасіць у Маці Божай, хоць нам ёсць шмат пра што прасіць — гэта і асабістыя просьбы, і просьбы, якія датычацца нашых блізкіх і далёкіх, грамадства, нашай Айчыны і іншых краін, просьбы аб міры і добры стан святых Божых цэркваў, аб прымірэнні брацкіх народаў. Пра многае можна маліцца і прасіць Прачыстую, але не толькі на гэтым будзем засяроджваць свае намаганні тут, ля прынесенай святыні, — адзначыў Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Вельмі важна, каб мы з удзячнасцю выказвалі сваю любоў і славасловілі Найсвяцейшую Дзеву Марыю. Бо Яна пачэснейшая за Херувімаў і слаўнейшая без параўнання за Серафімаў. І тая невялікая часцінка ад Пояса Прасвятой Дзевы, якая паводле падання, была выткана Найсвяцейшай Дзевай Марыяй, з'яўляецца крыніцай благадаці і благаславення для кожнага, хто прыйдзе на пакланенне і на малітву сюды да гэтай святыні. Важна, каб у гэтыя дні знаходжання святыні ў горадзе Мінску людзі не проста прыходзілі да яе, але пастараліся ачысціць сваё сумленне пакаяннем, сардэчным жалем, прычасцем Святых Хрыстовых Таін. Маці Божая ўсіх чакае тут, у кафедральным саборы, а мы пакліканы паспрыяць таму, каб радасць прынясення святыні кранула сэрца кожнага чалавека, кожнага хрысціяніна Белай Русі».

Далей было здзейснена усяночнае трыванне. Нядзельная служба здзяйснялася разам са службай Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы ў гонар Ускладання слаўнай рызы Яе ва Улахерне.

Трансляцыя сустрэчы святыні і ўсяночнага трывання вялася на YouTube канале Беларускай Праваслаўнай Царквы.

У Свята-Духавым кафедральным саборы святыня будзе знаходзіцца па 15 лютага ўключна, ёй можна пакланіцца ў гэтыя дні з 7.00 да 21.00. Далей, 17-18 лютага каўчэг з поясам Прасвятой Багародзіцы будзе прынесены ў Тураўскую епархію, а затым, з 19 па 22 лютага ў Гомельскую епархію Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Далейшы графік прынясення святыні.

***

На працягу 2000 гадоў хрысціяне ўсяго свету з верай і надзеяй прыпадаюць да святыні, спадзеючыся на дапамогу Прачыстай Дзевы Марыі. Паводле царкоўнага падання, Найсвяцейшая Багародзіца ўласнаручна спляла Пояс з вярблюджай воўны і незадоўга да свайго ўспення перадала яго і сваю рызу апосталу Фама.

Першы час Рыза і Пояс перадаваліся з пакалення ў пакаленне спадчыннікамі дзвюх іерусалімскіх удоў, якія атрымалі святыню з рук святога апостала Фамы. Затым у IV стагоддзі адзежы Прасвятой Багародзіцы былі прывезены ў Канстанцінопаль, змешчаны ў залаты каўчэг, запячатаны царскай пячаткай і пакладзены ва Улахернскім храме ў горадзе Канстанцінопалі. У гонар гэтай значнай падзеі было ўсталявана царкоўнае свята «Ускладанне слаўнай рызы Прасвятой Багародзiцы ва Улахерне», якое адзначаецца 15 ліпеня.

Толькі праз некалькі стагоддзяў па благаславенню Канстанцінопальскага Патрыярха Яўфімія II і па просьбе імператара Льва Мудрага, які маліўся Богу аб вылячэнні сваёй жонкі імператрыцы Зоі ад нячыстага духу, каўчэг быў адкрыты. Нягледзячы на працяглы час, Пояс цалкам захаваў свой першапачатковы выгляд, а нячысты дух, які адольваў хворую жанчыну, пакінуў яе. У знак падзякі Божай Маці імператрыца Зоя вышыла Пояс залатой ніткай.

Пасля святыня была падзелена на часткі, адна з якіх сёння беражліва захоўваецца ў Ватапедскім манастыры на Святой Гары Афон. Пастаянна знаходзячыся ў абіцелі, святыня толькі на кароткі перыяд пакідае яго для наведвання грэчаскіх гарадоў. Аднак у 2011 годзе з гэтага правіла было зроблена выключэнне: святыня была прынесена ў мноства гарадоў Расіі, дзе ёй пакланіліся каля трох мільёнаў вернікаў. Людзі ішлі да пояса Прасвятой Багародзіцы, узносілі да яе свае малітвы, і Прачыстая ў адказ не пакідала іх просьбы непачутымі, яўляючы шматлікія цуды і ацаленні. Напрыклад шлюбныя пары атрымлівалі збаўленне ад бясплоддзя, старанна звяртаючыся да Божай Маці перад Яе вялікай святыняй.

У 2011 годзе да 200-годдзя Казанскага кафедральнага сабора часцінка Пояса была перададзена на вечнае захоўванне ў Санкт-Пецярбург. З таго моманту сюды штодня сцякаюцца сотні паломнікаў для таго, каб памаліцца Божай Маці і дакрануцца да святыні, якая змешчана ў каўчэг з часцінкамі мошчаў святых праведных Іаакіма і Ганны, бацькоў Прасвятой Багародзіцы.

Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники,

глядзіце ў YouTube і TikTok

Фотарэпартаж

Фотарэпартаж