Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый прыняў удзел у семінары па развіцці рэлігійнага турызму на Слонімшчыне
23 кастрычніка 202622 кастрычніка 2026 года ў Слонімскім раёне адбыўся выязны семінар «Роля рэлігійнай спадчыны Беларусі ў развіцці турызму», арганізаваны Свята-Успенскім Жыровіцкім мітрапалічым мужчынскім манастыром сумесна з Нацыянальным агенцтвам па турызме.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі турыстычных арганізацый, Нацыянальнага агенцтва па турызме, раённых выканаўчых камітэтаў, турыстычных інфармацыйных цэнтраў, Мінскай духоўнай семінарыі і іншых устаноў.
Праграма семінара ўключала наведванне заасада «Эдэмскі сад» ва ўрочышчы Старыя Жыровічы і знаёмства са Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыром. Госці наведалі храмы абіцелі, манастырскія брацкія могілкі, музей і фотаэкспазіцыю, прысвечаную памяці першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). Удзельнікам таксама прадставілі экскурсійныя праграмы і майстар-класы па вырабе царкоўных свечак, іканапісу і царкоўным звоне.
Адной з асноўных падзей семінара стала дыялогавая пляцоўка «Рэлігійныя аб'екты як кропкі прыцягнення турыстаў і паломнікаў».
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, намеснік Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Архіпастыр распавёў пра гісторыю абіцелі і шануемы цудатворны Жыровіцкі абраз Божай Маці. Асобную ўвагу ўладыка надаў правілам наведвання манастыра, у тым ліку патрабаванням да знешняга выгляду наведвальнікаў.
Старшыня Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Віталь Шулейка падзякаваў удзельнікам семінара за супрацоўніцтва і адзначыў багатую гісторыка-культурную спадчыну рэгіёна, заклікаўшы актывізаваць работу па развіцці турызму на Слонімшчыне.
Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл Машарскі звярнуў увагу на турыстычны патэнцыял Слонімскага раёна і магчымасці стварэння новых маршрутаў, якія аб'ядноўваюць духоўныя святыні і гісторыка-культурныя славутасці.
Падчас дыялогавай пляцоўкі ўдзельнікі абмеркавалі пытанні ўключэння рэлігійных аб'ектаў у турыстычныя маршруты, развіцця паломніцкага турызму і папулярызацыі духоўнай спадчыны Беларусі.
Завяршылася праграма семінара наведваннем жаночага манастыра ў гонар прападобнага Амвросія Опцінскага ў вёсцы Русакова.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

