У Магілёве прадставілі інклюзіўны праект «Праваслаўныя прагулкі» для людзей з парушэннямі зроку

24 кастрычніка 2026

top.jpg

20 кастрычніка 2026 года ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Карла Маркса горада Магілёва адбылася прэзентацыя інклюзіўнага праекта «Праваслаўныя прагулкі», накіраванага на далучэнне людзей з парушэннямі зроку да духоўнай, гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі і Расіі.

У мерапрыемстве прыняў удзел клірык храма ў гонар святых праведных Богаайцоў Іаакіма і Ганны горада Магілёва іерэй Аляксей Скоб. Святар звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, пасля чаго здзейсніў малітву на пачатак усякай добрай справы.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў прэзентацыі таксама звярнуліся начальнік упраўлення культуры Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Вольга Волахава і дырэктар установы культуры «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк горада Магілёва» Вольга Волкава.

Адным з партнёраў праекта стаў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Загадчык кафедры «Тэхналогіі металаў» Дзмітрый Якубовіч і старшы выкладчык кафедры Кацярына Крываногава распавялі аб працы над стварэннем трохмерных мадэляў праваслаўных храмаў.

06.jpg

У выніку рэалізацыі праекта падрыхтавана 11 аудыятактыльных комплексаў, якія ўключаюць аудыяэкскурсіі, друкаваныя матэрыялы з узбуйненым шрыфтам, тэксты, выкананыя рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля, і 3D-мадэлі праваслаўных храмаў Беларусі і Расіі. Такое спалучэнне матэрыялаў дазваляе людзям з парушэннямі зроку знаёміцца з асаблівасцямі храмавай архітэктуры з дапамогай слыхавога і тактыльнага ўспрымання.

У завяршэнне сустрэчы ўдзельнікі змаглі азнаёміцца са створанымі комплексамі і прадстаўленымі тактыльнымі мадэлямі.

У далейшым макеты плануецца перадаць у тактыльную 3D-галерэю «Праваслаўныя прагулкі», якая размесціцца ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 2 горада Магілёва і стане пляцоўкай для правядзення экскурсій.

mogeparhia.by / Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber, 

сацсетках Instagram, ВКонтакте, 

Facebook і Одноклассники,

глядзіце ў YouTube і TikTok