У Полацку малітоўна адзначылі 85-годдзе са дня пакутніцкай смерці свяшчэннамучаніка Мікалая Акаловіча

19 верасня 2019

top.jpg

12 верасня 2019 года ў храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы горада Полацка прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю са дня пакутніцкай смерці свяшчэннамучаніка Мікалая Акаловіча, жыццё і дзейнасць якога непарыўна звязаныя з Полацкай зямлёй.

Бажэственную літургію ўзначаліў настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Уладзімір Рацьковіч. Айцу настаяцелю саслужылі: протаіерэй Мікалай Войтаў, кіраўнік аддзела кананізацыі святых Полацкай епархіі; протаіерэй Аляксандр Шаховіч, кіраўнік аддзела Полацкага епархіяльнага ўпраўлення па сувязях з узброенымі сіламі і праваахоўнымі органамі; іерэй Георгій Вайсковіч.

Напярэдадні, 11 верасня, быў асвячоны новы храмавы абраз свяшчэннамучаніка Мікалая Акаловіча, які будзе размяшчацца ў правым вуглавым ківоце храма.

Протаіерэй Мікалай Войтаў звярнуўся да вернікаў з пропаведдзю, у якой распавёў пра зямное жыццё свяшчэннамучаніка Мікалая.

Протаіерэй Мікалай Акаловіч (1863 — 1934) больш за сорак гадоў служыў Царкве ў свяшчэнным сане. Нямала папрацаваў як місіянер і педагог. У 1931 годзе быў арыштаваны па абвінавачванню ў «антысавецкай агітацыі», сканаў у зняволенні. Больш падрабязна пра падзвіжніка можна даведацца з брашуры, выдадзенай Віцебскай епархіяй.

У пастырскім слове протаіерэй Мікалай Войтаў, у прыватнасці, адзначыў:

— Подзвіг навамучанікаў і вызнаўцаў дае магчымасць сёння ўсім жадаючым убачыць, што існуе духоўны свет і духоўны свет важней, чым матэрыяльны. Што душа даражэй усяго свету, што мы павінны давяраць Богу і ведаць, што Ён не пакіне веруючых хрысціян. Сёння, успамінаючы гэтыя гады і гэтых людзей, мы павінны не толькі здзіўляцца вышыні іх подзвігу, не толькі пакланяцца іх пакутам, але і задумвацца пра ўрокі, якія неабходна атрымаць з таго, што адбылося з нашай краінай у пачатку ХХ стагоддзя. На працягу тысячагоддзя Праваслаўная Царква была велізарнай маральнай і духоўнай сілай, якой жывіўся ўвесь народ. Але ў пачатку ХХ стагоддзя Царква, як і дзяржава ў цэлым, апынулася ў глыбокім крызісе. І было б вялікай памылкай думаць, што пераварот 17-га года стаў толькі вынікам дзейнасці групы змоўшчыкаў, якія «падманулі» просты народ. Гэтая катастрофа з'явілася вынікам глыбокага крызісу, які ахапіў грамадства на ўсіх яго узроўнях.

Праваслаўная вера прымалася як нейкая дадзенасць, як нешта, што само сабой разумеецца. Шмат каму здавалася, што пабожнасьць заключаецца толькі ў тым, каб выконваць тыя ці іншыя правілы, абрады, рытуалы. Стаўленне некаторых людзей да Царквы нагадвала стаўленне фарысэяў часоў Хрыста да іудзейскага закона: знешняе выконвалі, а пра ўнутранае забывалі. І менавіта гэта фарысейства, якое раз'ядала ўсе бакі жыцця грамадства, і стала прычынай таго, што многія пачалі паступова адыходзіць ад Царквы, прычым адбывалася гэта паступова і непрыкметна. Будучы фармальна вернікамі, гэтыя людзі ў душы сваёй веру страцілі, і замест таго каб быць «соллю зямлі» і «святлом свету», як кажа Хрыстос пра хрысціян, яны сталі той нягоднай соллю, якая «страціла сілу» і была выкінутая на патаптанне.

Праз Царкву Бог дае нам каласальны, ні з чым не сувымерны дар, які мы павінны шанаваць. Мы павінны разумець, што праваслаўная вера заключаецца, перш за ўсё, ва ўнутранай рабоце, у апрацоўцы зямлі нашага сэрца, а ўсе знешнія атрыбуты рэлігійнага жыцця — гэта толькі дапаможныя сродкі. І калі чалавек не працуе над уласным сэрцам, не змагаецца са сваімі страсцямі, не мяняецца ўнутрана, ён становіцца такім жа, якімі былі фарысеі ў часы Хрыста.

Протаіерэй Уладзімір Рацьковіч таксама звярнуўся да паствы са словам настаўлення, у якім казаў аб мужнасці і стойкасці беларускіх святароў і простых вернікаў у гады жорсткіх ганенняў на Царкву.

Полацкая епархія / Church.by