У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстава «Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV стст.»
25 красавіка 2026У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстава «Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV стст.». Экспазіцыя стала другім сумесным выставачным праектам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Наўгародскага дзяржаўнага аб'яднанага музея-запаведніка.
Выстава размясцілася ў дзвюх залах. У адным прадстаўлена беларускі іканапіс, у іншым — наўгародскі. Экспазіцыя выбудавана ў зваротным храналагічным парадку: ад помнікаў XVIII стагоддзя наведвальнік пераходзіць да твораў XIV–XV стагоддзяў. На выставе прадстаўлены іконы са збору Наўгародскага дзяржаўнага аб'яднанага музея-запаведніка і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Аб'яднаўчай тэмай экспазіцыі стала шанаванне і заступніцтва Прасвятой Багародзіцы, якое знайшло адлюстраванне ў розных іканаграфічных вобразах. У яе ўвайшлі як асобныя іканаграфічныя тыпы выявы Божай Маці з Богадзіцяткам Хрыстом — «Адзігітрыя», «Замілаванне», «Знаменне», «Аранта», — так і сюжэтныя абразы, прысвечаныя падзеям зямнога жыцця Прасвятой Багародзіцы — ад Нараджэння да Успення.
У прадстаўленых помніках раскрываецца шматвяковая гісторыя багародзічнай іканаграфіі — ад твораў XIV-XVI стагоддзяў, якія прытрымліваюцца візантыйскай традыцыі, да ўзораў іканапіснага мастацтва Новага часу, якія ўзніклі пад уплывам еўрапейскай мастацкай культуры.
У цырымоніі адкрыцця выставы прыняў удзел старшыня Сінадальнага аддзела Беларускага Экзархату па культуры і царкоўным мастацтве, дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча протаіерэй Іаан Задарожны. Ён падкрэсліў, што ікона з'яўляецца святыняй, да якой і ў музеі, і ў храме варта звяртацца з глыбокай павагай, а таксама адзначыў значэнне супрацоўніцтва музеяў і Царквы для захавання традыцыі царкоўнага мастацтва і выхавання новых майстроў-іканапісцаў.
Выстава будзе працаваць да 14 чэрвеня 2026 года. Для наведвальнікаў таксама прадугледжаны штотыднёвыя куратарскія экскурсіі.
Фота: Дар'я Цітова
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

