У сталіцы Беларусі сустрэлі вялікую святыню — часцінку пояса Прасвятой Багародзіцы

04 сакавіка 2026

top.jpg

4 сакавіка 2026 года ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў сустрэчу каўчэга з часцінкай пачэснага пояса Прасвятой Багародзіцы і часцінкамі мошчаў яе бацькоў — святых праведных Іаакіма і Ганны.

Пасля прынясення каўчэга ў кафедральны сабор быў здзейснены малебны спеў з чытаннем канона да Прасвятой Багародзіцы.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі благачынныя царкоўных акруг Мінскай епархіі, клірыкі кафедральнага сабора і духавенства горада Мінска.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор кафедральнага сабора пад кіраваннем Віталя Сабалеўскага.

У завяршэнне набажэнства Патрыяршы Экзарх і святары здзейснілі слаўленне Прасвятой Багародзіцы, а затым усе прысутныя праспявалі малітву да Прасвятой Багародзіцы «Царице моя Преблагая».

Пасля адпуста богаслужэння Мітрапаліт Веніямін звярнуўся да прысутных са словам, у якім павіншаваў з прынясеннем у межы Беларускага Экзархату вялікай святыні — часцінкі Пояса Прасвятой Багародзіцы і мошчаў яе бацькоў святых праведных Іаакіма і Ганны.

У Свята-Духавым кафедральным саборы святыня будзе знаходзіцца па 8 сакавіка да 20.00. Памаліцца ля святыні ў гэтыя дні можна з 6.00 да 23.00. 9 сакавіка каўчэг з поясам Прасвятой Багародзіцы будзе прынесены ў Барысаўскую епархію, а затым, з 11 па 12 сакавіка ў Маладзечанскую епархію Беларускай Праваслаўнай Царквы (Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату).

Далейшы графік прынясення святыні

***

На працягу 2000 гадоў Пояс Прасвятой Багародзіцы застаецца для вернікаў відавочным сведчаннем міласці Божай. Перад ім моляцца аб ацаленні, суцяшэнні ў бедах і заступніцтве ў складаных сямейных абставінах. Асаблівае спадзяванне на дапамогу Маці Божай і святых праведных Іаакіма і Ганны ўскладаюць тыя, хто моліць аб збаўленні ад бясплоддзя і доўгачаканым дараванні дзяцей

Прынясенне святыні ў епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы — падзея выключнага значэння. У 2024 годзе сустрэча каўчэга ў межах Беларусі набыла агульнанацыянальны маштаб: тады ў храмах па ўсёй краіне выстройваліся шматтысячныя чэргі, людзі гадзінамі чакалі магчымасці прыкласціся да святыні. Сотні тысяч беларусаў сведчылі аб асаблівай духоўнай радасці, якую даруе малітоўная прысутнасць Маці Божай.

Паводле царкоўнага падання, Найсвяцейшая Багародзіца ўласнаручна спляла пояс з вярблюджай воўны. Незадоўга да свайго слаўнага Успення Прачыстая Дзева перадала пояс і рызу апосталу Фаме, які даверыў іх на захоўванне дзвюм набожным іерусалімскім удовам. З пакалення ў пакаленне святыня беражліва перадавалася па спадчыне, а ў канцы IV стагоддзя, пры імператары Аркадзіі, была ўрачыста перанесена ў Канстанцінопаль. Пояс змясцілі ў каштоўны каўчэг, апячатаны імператарскай пячаткай. У памяць аб гэтай падзеі Царква штогод святкуе Палажэнне пачэснага пояса Прасвятой Багародзіцы.

Праз некалькі стагоддзяў, падчас царавання Льва Мудрага, адбылася яшчэ адна знакавая падзея. Імператар звярнуўся да Бога з маленнем аб вылячэнні сваёй жонкі, імператрыцы Зоі, якая пакутавала ад нячыстага духу. Па благаславенню Канстанцінопальскага Патрыярха Яўфімія II каўчэг быў адкрыты — і адбыўся цуд: праз сотні гадоў пояс апынуўся ў поўнай захаванасці, а царыца атрымала ацаленне.

Пасля святыня была падзелена на часткі. Сёння асноўная яе частка захоўваецца ў Ватапедскім манастыры на Святой Гары Афон. У гонар 200-годдзя Казанскага кафедральнага сабора часціца пояса была перададзена гораду Санкт-Пецярбургу на вечнае захоўванне. Цяпер яна знаходзіцца ў каўчэгу разам з часцінкамі мошчаў святых праведных Іаакіма і Ганны — бацькоў Прасвятой Багародзіцы.

Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники,

глядзіце ў YouTube і TikTok

Фотарэпартаж