Дзень праваслаўнай кнігі ўрачыста адзначаць у Мінску
10 сакавіка 202613 сакавіка 2026 года па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у горадзе Мінску пройдуць урачыстасці, прымеркаваныя да Дня праваслаўнай кнігі.
Цэнтральнай падзеяй стане ўрачысты акт, які адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Пачатак у 14.30.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Беларуская Праваслаўная Царква (Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату), Выдавецкая рада Беларускай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, а таксама Свята-Лізавецінскі манастыр горада Мінска.
У гэтым годзе праграма Дня праваслаўнай кнігі прысвечана тэме праваслаўнага краязнаўства і цэламу шэрагу значных юбілейных дат. Сярод іх: 60-годдзе з дня скону і 20-годдзе праслаўлення блажэннай Валянціны Мінскай, 440-годдзе з дня нараджэння святой праведнай Сафіі Слуцкай, 865-годдзе стварэння майстрам Лазарам Богшам Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, 430-годдзе Брэсцкага праваслаўнага царкоўнага сабора 1596 года.
Урачыстасці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўзначаліць Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. У ліку запрошаных — святары, прадстаўнікі міністэрстваў, Саюза пісьменнікаў Беларусі, вышэйшых навучальных устаноў, дзеячы навукі і культуры, а таксама супрацоўнікі публічных, дзіцячых і школьных бібліятэк краіны. Запрашаем прадстаўнікоў СМІ да асвячэння гэтай падзеі. СМІ запрашаюцца да 13.30. Заяўкі на акрэдытацыю просім дасылаць на электронны адрас elena.kot@obitel-minsk.by. Даведкі па тэлефонах: 8 (029) 270-44-94, 8 (029) 185-47-88 (Валянціна Аляксееўна Сцяпанава).
Праграма мерапрыемства ўключае адкрыццё выставы ў Музеі кнігі: «Найдабрэйшаму свяціцелю Царквы Божай» з экспазіцыяй кніг з дароўнымі надпісамі Мітрапаліту Філарэту (Вахрамееву) з мемарыяльнай бібліятэкі першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі; канферэнцыю «Асвета Беларускіх зямель праз праваслаўную кнігу. Юбілейныя даты Беларускай Праваслаўнай Царквы» (круглая зала Нацыянальнай бібліятэкі); выставу выданняў па гісторыі Праваслаўя, выпушчаных праваслаўнымі выдавецтвамі Беларускага Экзархату, а таксама навінак праваслаўнай літаратуры (фае перад круглай залай); мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю чытання і праваслаўнай літаратуры.
Мерапрыемства заклікана паказаць асаблівую ролю духоўнай літаратуры ў маральным выхаванні, садзейнічаць далучэнню да тысячагадовай хрысціянскай традыцыі, а таксама развіццю цікавасці да праваслаўнай кнігі, любові да чытання, асабліва сярод падрастаючага пакалення.
Асаблівая ўвага будзе нададзена ролі міран у захаванні Праваслаўнай веры на Беларускіх землях. Удзельнікі мерапрыемства таксама абмяркуюць пытанні камплектавання бібліятэк нашай краіны якаснай гістарычнай, краязнаўчай, патрыятычнай і духоўна-маральнай літаратурай.
Таксама ў рамках святкавання Дня праваслаўнай кнігі з 13 па 15 сакавіка 2026 года ў духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг» Свята-Лізавецінскага манастыра горада Мінска пройдзе штогадовая выстава «Горад, які чытае». Гасцей чакаюць сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, майстар-класы па каліграфіі, а таксама заняткі, накіраваныя на адраджэнне эпісталярнага жанру. Для юных наведвальнікаў будуць працаваць экспазіцыя «Прападобная Еўфрасіння Полацкая — радасць зямлі нашай», хата-чытальня. У праграме прадстаўлены інтэрактыўная гульня «Кніжнае кафэ», паказы мультфільмаў, а таксама інтэлектуальныя гульні, з дапамогай якіх школьнікі змогуць успомніць пройдзенае і даведацца новае са свету літаратуры. Арганізатары падрыхтавалі квэст «Азбука ад чыстага сэрца», у якім удзельнікі паўтараюць шлях гераіні з казкі, дапамагаючы ёй перамагчы словы-небяспекі, прадстаўленыя літарамі алфавіту, і сабраць як мага больш добрых слоў-дабрадзейнасцей.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

