Памяць навамучаніка Уладзіміра Хрышчановіча ўшанавалі ў Лідскай епархіі
20 лютага 201814 лютага ў храме ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хрышчановіча, які знаходзіцца ў папраўчай калоніі-пасяленні № 26 вёскі Гезгалы Дзятлаўскага раёна, быў здзейснены малебен святому Уладзіміру. Здзейснілі набажэнства благачынны Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў, благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель, настаяцель Уладзімірскага храма іерэй Аляксій Сцепановіч і клірык Георгіеўскага храма горада Ліды протаіерэй Дзімітрый Тарарака.
Па заканчэнні молебнага спеву былі арганізаваны гутарка з вернікамі ў храме і чаяванне, а затым святары наведалі дом, у якім нарадзіўся і да 30-гадовага ўзросту жыў будучы святы.
Набажэнства было прымеркавана да 85-годдзя з дня пакутніцкай смерці іерэя Уладзіміра Хрышчановіча, расстралянага без суда і следства ў лютаўскія дні 1933 года.
Першы храм у гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра, якога ў Лідскай епархіі называюць Гезгальскім па месцы яго нараджэння, быў адкрыты пры ВК-26 у 2006 годзе пры ўдзеле святара Расціслава Салаўёва (цяпер — благачынны Лідскай акругі) і добраўпарадкаваны працай асуджаных.
***
Уладзімір Іванавіч Хрышчановіч нарадзіўся ў 1876 годзе ў вёсцы Гезгалы Лідскага павета Віленскай губерні ў простай сялянскай сям'і. Па дасягненні паўналецця паступіў у Слуцкае духоўнае вучылішча, якое скончыў у 1911 годзе. Будучы сціплым і богабаязным чалавекам, ён доўгі час служыў псаломшчыкам пры царкве свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Горкі Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1930 годзе епіскап Слуцкі Мікалай (Шамяціла) рукапалажыў яго ў іерэя. Часы тады былі страшныя, па ўсёй краіне набірала моц кампанія па абеззямельванню сялян, многія тысячы простых сельскіх працаўнікоў пазбаўляліся прытулку, высылаліся ў Сібір. Гэта, аднак, не спыніла Уладзіміра Хрышчановіча, і ён зрабіў свой выбар, стаў святаром гнанай багаборскімі ўладамі Царквы.
Пражываючы ў Горках, айцец Уладзімір часта наведваў суседні парафіяльны храм Праабражэння Гасподняга ў вёсцы Языль (цяпер Старадарожскага раёна). Тут ён праводзіў богаслужэнні, што было выклікана адсутнасцю ў Язылі свайго святара, які, па ўсёй верагоднасці, быў арыштаваны раней.
Неўзабаве гэтая ж доля спасцігла і айца Уладзіміра — 27 снежня 1932 года яго арыштавалі. Падставай для арышту паслужыла адна з апошніх яго пропаведзяў, якую ён прамовіў у языльскай царкве. У ёй айцец Уладзімір закрануў самае надзённае пытанне, турбаваўшае жыхароў вёскі ў 1932 годзе — голад, які пачаўся ў краіне. Звяртаючыся да змучаных сялян, імкнучыся неяк суцешыць іх, ён сказаў: «Браты! Гасподзь стварыў чалавека, і ў Яго волі зрабіць з ім, што захоча; трэба слухаць Бога і верыць у Яго, хадзіць у царкву і маліцца Госпаду Богу; адзінае наша выратаванне — гэта Гасподзь; чалавек павінен пераносіць усё; цяпер дрэнна, але гэта хутка зменіцца».
Разам з айцом Уладзімірам арыштавалі яшчэ дзевяць чалавек, якія найбольш актыўна наведвалі храм у Язылі і ўваходзілі ў царкоўна-прыходскі савет.
Сярод арыштаваных вылучаўся псаломшчык языльскай царквы Васіль Капачэня, які аднойчы сказаў аднавяскоўцам: «Лепш дайце на царкву, чым бальшавікам, то і Бог дасць вам; а бальшавікі ўсё роўна нічога не дадуць».
Айцец Уладзімір не спалохаўся і сваіх поглядаў на допытах не хаваў. «Так, — сведчыў ён, — я як святар, будучы асуджаны на жабрацкае жыццё, выказваў незадаволенасць палітыкай савецкай улады... У сувязі з тым, што ў вёсцы Языль няма святара, а там маецца царква, я па запрашэнню вернікаў здзяйсняў у ёй богаслужэнні». Такую дзёрзкасць у выказваннях, вядома, дараваць не маглі. Выдатна разумеючы гэта, айцец Уладзімір звярнуўся да сваіх родных з апошнім лістом. У ім ён пісаў: «Дарагая, цаннейшая жонка і дзеці! Спяшаюся павіншаваць вас з Новым Годам, з новым шчасцем. Дай Бог вам перанесці ўсе цяжкасці і нягоды ад злых людзей і падкопаў д'ябла, паўстаўшага знішчыць нас. Усявышні не дапусціць гэтага і дапаможа нам перанесці ўсе цяжкасці крыжа. Прашу вас не забываць Бога, ад Якога залежыць усё». Апошнія словы гэтага ліста гучаць як завяшчанне айца Уладзіміра. Нягледзячы на ўвесь цяжар свайго становішча, ён стараўся падтрымаць сваіх родных, умацаваць іх перад трывожнай будучыняй. Ліст быў напісана на мізэрным шматку паперы і робіць такое ўражанне, што айцец Уладзімір пісаў яго ў спешцы. Да адрасата ён так і не дайшоў.
Матушка айца Уладзіміра, Сафія Хрышчановіч, таксама звярнулася да яго. «Дарагі Валодзя! — пісала яна. — Дзякуючы Усявышняму, мы ўсе жывыя і здаровыя, таго і табе жадаем... Віншуем цябе з надыходзячым Новым Годам. Пра нас, не турбуйся. Напішы мне ўсё падрабязна, а менавіта: за што ты абвінавачваешся, і аб чым цябе дапытваюць... Можа табе трэба валёнкі або ватовыя штаны, то я паспрабую даслаць... Была я ў Слуцку, у ноч на 18 снежня ў Архіерэя (маецца на ўвазе епіскап Мікалай (Шамяціла). — Ф. К.) быў ператрус. Бачылася ў саборы з а. Васілём Сцяпурай, ён ужо вярнуўся са ссылкі...»
Ліст сваёй матушкі айцец Уладзімір таксама не ўбачыў. Перапіска паміж імі была справакаваная органамі НКУС з тым, каб займець дадатковыя «доказы» ў нядобранадзейнасці айца Уладзіміра.
У лісце Сафіі Хрышчановіч ёсць адно вельмі цікавае сведчанне таго часу. Яно тычыцца цудоўнай з'явы, таго, што адбылося ў суседняй з языльскай — урэчскай царкве. Вось як апісвала гэтую з'яву матушка а. Уладзіміра: «Калі я ехала ў Слуцк, то мне распавядалі наступнае: з купала Урэчскай царквы выкаціўся клубок полымя і па паветры пераляцеў за мястэчка на аэропланную станцыю, дзе спыніўся. Тады быў тэрмінова выкліканы полк салдат, які хацеў быў страляць, але не адважыўся. Нейкі салдат пайшоў да полымя і ўбачыў, што замест яго аб'вілася па пояс жанчына, якая сказала салдату: «калі ўдарыш мяне, то я цябе стукну». Салдат агаліў шашку, а тая жанчына кінула на яго падпаленымі вуглямі і знікла. Пасля чаго салдата ўзялі і адправілі ў бальніцу. Гэты факт несумненны». Пазней жыхары Уречча і бліжэйшых ваколіц казалі, што ў полымі з'яўлялася Сама Найсвяцейшая Багародзіца. Аповед пра гэта доўга перадаваўся вусна.
Без суда і следства 12 лютага 1933 года святар Уладзімір Хрышчановіч быў прысуджаны да расстрэлу. Такі ж прысуд вынеслі ў дачыненні да псаломшчыка языльскай царквы Васіля Капачэні і прыхаджан: Якава Палаўчэні і Сцяфана Капачэні. Неўзабаве ўсе яны былі забіты. Маёмасць расстраляных новамучанікаў канфіскавалі, сем'і выслалі за межы Беларусі.
Да розных тэрмінаў зняволення былі прысуджаны аднавяскоўцы загінулых: Сямён Жук (да 10 гадоў канцлагера), Еўсевій Палаўчэня (да 5 гадоў канцлагера), Лявонцій Палаўчэня (да 5 гадоў канцлагера), Уладзімір Насовіч, Іосіф Корзун і Вера Сасіноўская (да ссылкі на 3 гады ў Сібір). Такім чынам, прыход у Язылі быў знішчаны. Мучанікамі за Госпада і Спаса нашага Іісуса Хрыста сталі языльчане, якія падвергліся ганенням, і сярод іх — свяшчэннік Уладзімір Хрышчановіч, што ўзыйшоў на Галгофу разам са сваімі прыхаджанамі, падзяляючы з імі ўсе пакуты. Сапраўды «добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак сваіх» (Ін 10: 11).
Іерэй Уладзімір Хрышчановіч быў далучаны да ліку мясцовашанаваных святых пастановай Сінода Беларускага Экзархату ад 28 кастрычніка 1999 года, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання юбілейным Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.
Памяць 28 кастрычніка (у Саборы навамучанікаў і вызнаўцаў Беларускіх), 12 лютага.
Крыніца: Феодор Кривонос, священник. Жития новомучеников Минской епархии 1-ой половины XX века. — Мн., 2002.