Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла

04 мая 2013

Дзякуем Богу, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Іісуса Хрыста!

(1 Кар. 15: 57)

Узлюбленыя ў Госпадзе

Праасвяшчэнныя архіпастыры,

пачэсныя прасвітары і дыяканы,

богалюбівыя інакі і інакіні,

дарагія браты і сёстры!

У гэты вялікі і светлазарны дзень сардэчна віншую ўсіх вас з Пасхай Гасподняй і вітаю кожнага старажытнымі і святымі словамі:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Менавіта ў гэтых словах, якімі людзі на працягу стагоддзяў сустракаюць адзін аднаго ў светлыя пасхальныя дні і якімі сведчаць свету аб праўдзівасці падзеі, што адбылася два тысячагоддзі назад, заключаецца велізарная ўнутраная сіла. У іх — і вестка пра перамогу, і заклік да радасці, і пажаданне міру, і надзея і суцяшэнне для кожнага чалавека.

Той, Хто быў народжаны Прачыстай Дзевай Марыяй, Той, Хто цяжка і бязвінна пакутаваў, быў распяты і памёр на крыжы пасярод двух разбойнікаў, Той першым з усіх людзей паўстаў з мёртвых. Ён уваскрэс, як і казаў (Мф. 28: 6). Грабніца пустая. У ёй засталіся толькі палотны, у якія было загорнута Яго цела. Жанчыны-міраносіцы, прыйшоўшы да месца пахавання Госпада вельмі рана... калі ўзышло сонца (Мк. 16: 2), не знайшлі там Іісуса, бо ні камень, які закрываў уваход у пячору, ні варта, якая ахоўвала яе, ні нават сама смерць не змаглі супрацьстаяць вялікай сіле Бога Жывога. Прадонне пашырылася і бязмерна раскрыла пашчу сваю (Іс. 5: 14), пекла, лікуючы, ужо збіралася паглынуць свайго самага магутнага ворага, але замест гэтага замерла ад жаху, бо азарылася святлом Бажаства. Хрыстос знішчыў тленне і разбурыў смерць.

Праз першага чалавека, які не паслухаўся Стварыцеля і адпаў ад Крыніцы вечнага жыцця, у свет увайшло зло, і грэх стаў валадарыць сярод людзей. Хрыстос жа — апошні Адам (1 Кар. 15: 45) — перамог смерць духоўную, душэўную і цялесную. Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць, — сведчыць апостал Павел (1 Кар. 15, 22). Усё страчанае намі ў першым Адаме мы зноў атрымалі ў Хрысце. Пасха Гасподняя — гэта сапраўды найвялікшы дар Божага промыслу (прп. Фёдар Студыт).

Пераадолеўшы адчужанасць чалавека ад Тварца, Спасіцель даў нам магчымасць злучыцца з Ім. Паводле слоў прападобнага Іаана Дамаскіна, Крыжом Хрыстовым нам «падаравана ўваскрасенне <...> адкрыты вароты раю,  прырода наша села праваруч Бога, і мы сталі дзецьмі Божымі і спадкаемцамі» (Дакладны выклад праваслаўнай веры. Кн. 4). Усе мы пакліканы стаць годнымі гэтага дару.

Сын Божы, успрыняўшы нашу прыроду, стаў падобным да нас ва ўсім, акрамя граху. Сваім зямным жыццём і крыжовымі пакутамі Ён паказаў прыклад найвялікшай пакоры і паслухмянасці Нябеснаму Айцу, прыклад барацьбы са спакусамі і прывабамі, а Сваім Уваскрасеннем разбурыў кайданы граху і даў нам сілы і сродкі перамагаць зло. Менавіта ў такой барацьбе чалавек узрастае духоўна і робіцца маральна свабоднай асобай.

Мы жывём у той час, калі свабода нярэдка трактуецца як уседазволенасць. Многія шчыра мяркуюць, што толькі ўлада і багацце, здароўе і фізічная сіла здольны прынесці вызваленне, і, спаборнічаючы ў служэнні кумірам веку гэтага, часцей за ўсё прайграюць у галоўным, у дасягненні сапраўднай мэты быцця. Уваскрэслы з гробу Спасіцель, падараваўшы нам свабоду, адкрыў гэтую мэту, якая заключаецца ў спазнанні Ісціны (гл. Ін. 8: 32) і ў жыцці з Богам.

Знішчыўшы цялесную смерць, Хрыстос абяцаў вечнае жыццё, але не як бясконцы працяг зямнога шляху, а як перамяненне ўсёй чалавечай істоты, калі само цела набывае новыя ўласцівасці. Ва Уваскрасенні Госпада тaямніча яўлены правобраз і нашага будучага ўваскрасення. У будучым Царстве Нябесным, дзе не будзе ні смерці, ні хваробы, ні разлукі, ні нават часу, абатрэ Бог кожную слязіну з вачэй (Адкр. 21: 4), і радасць будзе бясконцай, а любоў — вечнай. Перамога Госпада над смерцю дае ўсім нам непахісную надзею, што і мы ўслед за Ім падчас Другога слаўнага прышэсця Яго ўваскрэснем для новага жыцця — жыцця ў няспыннай еднасці з Богам.

Падзелімся ж радасцю аб  Уваскрэслым Спасіцелі нашым з усімі, хто мае патрэбу ва ўвазе і клопаце: з хворымі, пажылымі, тымі, хто пакутуе, хто ўпаў духам, хто церпіць у зняволенні, хто не мае сродкаў і прытулку. І, падобна сведкам Уваскрасення — святым апосталам, з вераю і адвагаю будзем абвяшчаць бліжнім і дальнім добрую вестку пра тое, што сапраўды ўваскрэс Хрыстос! Амінь.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі

КІРЫЛ

Масква,

Пасха Хрыстова,

2013

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by

 

center

p align=

em

rtejustify