У Лядзенскім мужчынскім манастыры Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ўпершыню прайшоў духоўны фестываль «Адраджэнне»

19 жніўня 2026

top.jpg

19 жніўня 2026 года ў Лядзенскім мужчынскім манастыры Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ўпершыню адбыўся духоўны фестываль «Адраджэнне», прысвечаны адраджэнню традыцый і гісторыі Смалявіцкага краю.

Фестываль прайшоў па благаславенню епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага Амвросія. Арганізатарамі выступілі Смалявіцкі раённы выканаўчы камітэт, Барысаўская епархія і Лядзенскі манастыр.

Дата правядзення фестывалю звязана з гісторыяй адраджэння абіцелі. 19 жніўня 1994 года, у свята Праабражэння Гасподняга, у Благавешчанскім храме нанова адкрытага манастыра была здзейснена першая Бажэственная літургія, якую ўзначаліў тагачасны намеснік манастыра архімандрыт Сафроній (Юшчук), цяпер архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі.

Святочны дзень пачаўся з Бажэственнай літургіі ў саборным Благавешчанскім храме, якую здзейсніў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Амвросій у саслужэнні духавенства Барысаўскай епархіі і браціі манастыра. Па заканчэнні богаслужэння архіпастыр асвяціў плады новага ўраджаю і звярнуўся да прысутных са словам настаўлення.

Затым адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Да яго ўдзельнікаў звярнуліся епіскап Амвросій і старшыня Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў Марына Клюева. Архіпастыр выказаў надзею, што фестываль стане добрай традыцыяй, якая аб'ядноўвае імкненне да духоўнага пераўтварэння і далучэнне да прыгажосці.

09.jpg

На тэрыторыі манастыра разгарнулася выстава-кірмаш народных майстроў «Яблычны Спас». Свае работы прадставілі рамеснікі з розных раёнаў Мінскай вобласці. Госці маглі ўбачыць і набыць разьбяныя іконы, вырабы з дрэва і керамікі, вышыўку, работы з саломкі і натуральнага каменя, тканыя вырабы і іншыя ўзоры традыцыйнай народнай творчасці. На асобнай пляцоўцы Свята-Ксеніеўскага жаночага манастыра былі прадстаўлены натуральны мёд, доглядавая касметыка і ўпрыгажэнні ручной працы.

Адной з частак фестывальнай праграмы стала выстава мастацкіх работ «Святло Праабражэння». Свае творы таксама прадставілі навучэнцы Смалявіцкай і Азярыцка-Слабадской дзіцячых школ мастацтваў. У экспазіцыях знайшлі адлюстраванне праваслаўныя храмы і іншыя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, тэма міру і роднай зямлі.

Асобную пляцоўку на фестывалі арганізавала цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча. Тут дзейнічала кніжная выстава «Жывога слова мудрасць духоўная», быў прадстаўлены краязнаўчы праект «Святыні і пастыры зямлі Смалявіцкай» і распрацаваная бібліятэкай электронная «Духоўная карта Смалявіцкага краю». Для дзяцей бібліятэкары падрыхтавалі тэматычныя пазнавальныя і творчыя заняткі.

03.jpg

Цэнтральнай музычнай падзеяй фестывалю стаў канцэрт духоўнай музыкі «Галасы нябёсаў», які адбыўся ў Благавешчанскім храме. У ім прынялі ўдзел Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь»  пад кіраваннем заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Міхайлавай і архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраваннем Віталя Сабалеўскага.

Традыцыя правядзення кірмашоў у Лядах мае глыбокія гістарычныя карані. Яшчэ ў XVIII стагоддзі па хадайніцтве і садзейнічанні роду Завішаў тут былі заснаваны штогадовыя кірмашы ў дні Благавешчання Прасвятой Багародзіцы і Нараджэння святога Іаана Прадцечы.

Фота: Варвара Сушко и smolevichi-24.by 

liady.by / smolevichi-24.by / Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте і Facebook,

глядзіце ў YouTube і TikTok