У дзень Мінскай іконы Божай Маці ў сталіцы Беларусі завяршылася шэсце дзевяцідзённага Усебеларускага хрэснага ходу «Жыровічы-Мінск»
26 жніўня 202626 жніўня 2026 года, у дзень святкавання ў гонар знойдзення Мінскай іконы Божай Маці, па праспекце Пераможцаў у сталіцы Беларусі прайшло ўрачыстае саборнае шэсце, якім завяршыўся V Усебеларускі хрэсны ход «Жыровічы - Мінск».
За 9 дзён з малітвай пра Царкву, сваіх блізкіх, мір і дабрабыт Беларусі і брацкіх дзяржаў паломнікі прайшлі 250 кіламетраў. Іх маршрут пралягаў праз Навагрудскую, Пінскую, Маладзечанскую і Мінскую епархіі. Паломнікі наведалі 21 храм, і кожны дзень пераадольвалі шлях даўжынёй ад 20 да 40 кіламетраў. Разам з імі ў Мінск прыбылі шануемыя спісы цудатворных ікон Божай Маці «Жыровіцкая» і «Мінская», а таксама іншыя святыні.
На досвітку 26 жніўня хрэсны ход выйшаў са Ждановіцкага храма Узнясення Гасподняга да храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Мінску, а затым накіраваўся да Свята-Духава кафедральнага сабора. Да малітоўнага шэсця па праспекце Пераможцаў горада Мінска далучыліся шматлікія святары, жыхары і госці горада, у тым ліку з іншых краін — Расіі, Украіны, Эстоніі, Нідэрландаў і Германіі. На старце ў хрэсным ходзе прыняло ўдзел каля 800 чалавек, у заключным этапе па горадзе Мінску — 8,5 тысяч чалавек.
Завяршыўся хрэсны ход каля Свята-Духава кафедральнага сабора, ля сцен якога багамольцаў сустракаў Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы. Далей Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін у саслужэнні архіерэяў і святароў Беларускай Праваслаўнай Царквы ўзначаліў святочную Бажэственную літургію.
Трансляцыя сустрэчы хрэснаходцаў і ўрачыстага богаслужэння вялася на тэлеканале «Беларусь 3» і афіцыйным YouTube-канале Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Па завяршэнні богаслужэння ў сваім архіпастырскім слове Патрыяршы Экзарх павітаў прыбыўшых на ўрачыстасці і павіншаваў са святам: «Гэта падзея аб'яднала мноства людзей, якія прыехалі з мноства куткоў Беларусі, а таксама і іншых краін для ўдзелу ў хрэсным ходзе». Яго Высокапраасвяшчэнства адзначыў, што хрэсны ход — гэта напружаная малітоўная справа, якая аб'ядноўвае людзей і натхняе адной агульнай справай, любоўю да Госпада, імкненнем выпрасіць у яго міласці для роднай зямлі, для людзей блізкіх і далёкіх, каб хрэсны ход асвяціў нашу зямлю, і ласка Божая спачыла на ёй.
«Маці Божая — заступніца нашай зямлі, яе іконы ёсць у кожным рэгіёне нашай Айчыны. Але Мінск як сталіца сёння асабліва сабрала ўсіх нас памаліцца ў гэты дзень. І хай радасць свята натхняе нас на ўсё добрае і карыснае», — сказаў архіпастыр.
Фота: БЕЛТА
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

