Стартавала XXVI навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў»

29 жніўня 2019

top.jpg

Раніцай 28 жніўня, у свята Успення Прасвятой Багародзіцы, са Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска адправілася ў шлях XXVI навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў».

На працягу некалькіх дзён група энтузіястаў з лампадай, у якой гарыць Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга, і цудатворным Загор'е-Сталовіцкім абразом Пакрова Прасвятой Багародзіцы наведаюць гістарычныя месцы Беларусі. Сярод удзельнікаў экспедыцыі-святары, тэолагі, навукоўцы, дзеячы культуры.

Канчатковым пунктам «Дарогі да святыняў» стане Слонім, дзе 1 верасня адбудзецца маштабнае святкаванне Дня беларускага пісьменства.

Малебен перад пачаткам экспедыцыі ўзначаліў старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. Уладыка абвясціў слова на дарогу мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і акрапіў людзей, якія маліліся, святой вадой. Прагучаў і прывітальны адрас Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Паўлавіча Гулякі.

Паводле звестак, якія прыводзяцца ў газеце «Звязда», за 25 гадоў правядзення экспедыцыі «Дарога да святыняў» яе ўдзельнікі праехалі 32 150 км, прайшлі пешай хрэснай хадой 637 км, выступілі ў 2645 аўдыторыях, наведалі сотні населеных пунктаў. Працягласць 26-й «Дарогі да святыняў» складзе 980 км.

Church.by