Супрацоўніцтва школы і Царквы абмеркавалі на круглым стале ў Жыровічах

05 лютага 2018

top.jpg

2 лютага ў аграгарадку Жыровічы Слонімскага раёна адбылося пасяджэнне круглага стала на тэму «Супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з Праваслаўнай Царквой: вопыт, задачы, шляхі вырашэння».

Мерапрыемства было арганізавана аддзелам рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Навагрудскай епархіі. У ім прынялі ўдзел намеснікі начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага, Карэліцкага, Навагрудскага і Слонімскага райвыканкамаў, спецыялісты, якія курыруюць у аддзелах гэта кірунак работы, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, а таксама прадстаўнікі Навагрудскай епархіі, адказныя за работу па супрацоўніцтве з установамі адукацыі ў благачыннях.

Мэты круглага стала — знаёмства, абмен вопытам, вызначэнне аптымальных форм супрацоўніцтва ў галіне духоўна-маральнай асветы і выхавання падрастаючага пакалення.

Кіраўнік аддзела Святлана Леанідаўна Місцюкевіч распавяла прысутным аб выкананні праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой у Навагрудскай епархіі, адзначыла годны ўзровень працы педагогаў епархіі, аб чым сведчаць вынікі нядаўна прайшоўшага у Гродзенскай вобласці конкурсу метадычных матэрыялаў па духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў.

Кожная пара «благачынне — раён» прадставіла свой лепшы вопыт арганізацыі работы ў дадзеным кірунку. Навагрудцы распавялі аб працы метадычнага аб'яднання настаўнікаў курсаў духоўна-маральнай накіраванасці і школе праваслаўнага педагога, духоўна-маральнай профільнай змене лагера «Свіцязь», правядзенні «Урокаў дабрыні» ў дзіцячых садках.

Сланімчукі прэзентавалі працу кадэцкіх класаў, блога настаўнікаў «Праваслаўная педагагічная майстэрня Слонімшчыны», віртуальныя паломніцтва і відэагульні, працу археалагічнага лагера на базе Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра.

Прадстаўнікі Дзятлаўшчыны распавялі аб стварэнні сеткавых праектаў «Залатыя купалы», «Русь Праваслаўная» і «Святыні малой Радзімы».

Карэліцкія педагогі паведамілі аб рабоце па прафілактыцы сямейнага недабрабыту і дапамогі сем'ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У нефармальнай абстаноўцы педагогі і святары змаглі пагутарыць, атрымаць адказы на пытанні, якія іх зацікавілі, абмяняцца кантактамі.

У канцы работы круглага стала ўдзельнікі намецілі планы супрацоўніцтва.

Навагрудская епархія / Church.by