Праваслаўна-краязнаўчыя чытанні «Да вытокаў сваіх вяртаемся» прайшлі ў Пінску

02 ліпеня 2019

top.jpg

28 чэрвеня па благаславенню архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана ў духоўна-асветніцкім цэнтры «Вытокі» Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі адбыліся Пятыя праваслаўна-краязнаўчыя чытанні «Да вытокаў сваіх вяртаемся».

З прывітальным словам ад уладыкі Сцяфана выступіў кандыдат багаслоўя протаіерэй Віктар Сачкоўскі.

У чытаннях прынялі ўдзел пінчукі, а таксама госці з Мінска, Лунінца, Іванаўскага раёна. Многія выступленні прысвячаліся Пінску і Піншчыне, з улікам таго, што ў бягучым годзе Пінск з'яўляецца культурнай сталіцай Беларусі, а таксама працягваецца год малой Радзімы.

Алена Дзянісава, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў БДУ, свой даклад прысвяціла ўраджэнцу Пінска, Віленскаму архімандрыту Лявонцію (Карповічу), які ў 2011 годзе быў прылічаны да ліку святых. Сама Алена Рыгораўна — пінчанка і з задавальненнем прыехала ў свой родны горад.

Протаіерэй Сергій Рабой, клірык Варварынскага сабора Пінска, пазнаёміў прысутных з жыццём архіепіскапа Анісіфара (Панамарова), які ў 1945 годзе некалькі месяцаў быў архіепіскапам Пінскім і Брэсцкім.

Актыўны ўдзельнік чытанняў, выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалай Лагодзіч у фармаце віртуальнага турыстычнага маршруту распавёў аб святынях Пінскай зямлі.

Першым храмам у гонар свяціцеля Кірыла Тураўскага, збудаваным на тэрыторыі Беларусі, стаў храм у вёсцы Баяры Пінскага раёна. Са старонкамі гісторыі храма, а таксама з гісторыяй шанавання Тураўскага свяціцеля ў нашай краіне прысутных азнаёміў яго настаяцель іерэй Віталь Навумчык.

З цікавасцю слухалі ўдзельнікі чытанняў і выступленне протаіерэя Васіля Грэня, настаяцеля храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы вёскі Вяляцічы, на тэму «Ад гісторыі храма — да гісторыі малой радзімы».

Педагог-псіхолаг гімназіі № 2 Ганна Свірыдзенка распавяла пра гісторыка-краязнаўчы праект «Айчыны зямной благадаць» для навучэнцаў гімназіі.

Бібліятэкар гімназіі горада Лунінца Ірына Раманчук сваё выступленне прысвяціла светлай памяці сваёй зямлячкі Анастасіі Іванаўны Якавец.

Цікавымі былі выступленні маладых удзельнікаў чытанняў. Так, у сустрэчы прыняла ўдзел пераможца вучнёўскай епархіяльнай канферэнцыі Дар'я Фядзьковіч (навучэнка ДУА «Дастаеўская сярэдняя школа імя Ф. М. Дастаеўскага», Іванаўскі раён) са сваёй працай «Евангелле — галоўная кніга Ф. М. Дастаеўскага». Навучэнка гімназіі горада Лунінца Агнія Чыж у сваім выступленні «Храм у духоўным жыцці парафіі» распавяла аб храме Праабражэння Гасподняга вёскі Язвінкі Лунінецкага раёна. Настаяцелем гэтага храма амаль 19 гадоў служыць бацька Агніі — протаіерэй Сергій Чыж, які таксама прысутнічаў на чытаннях.

У праваслаўна-краязнаўчых чытанняў «Да вытокаў сваіх вяртаемся» сёлета маленькі юбілей — 5 гадоў. Увесь гэты час чытанні збіраюць аднадумцаў, якія цікавяцца гісторыяй Праваслаўя роднага краю. Штогод выдаюцца зборнікі выступленняў. Пятыя чытанні прайшлі насычана і ажыўлена, у атмасферы сяброўскіх спрэчак і дыскусій.

Дырэктар ДУК «Пінская гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Дзіна Лагодзіч сардэчна падзякавала ўсім за ўдзел у чытаннях і ўручыла ўсім выступоўцам дыпломы.

Пінская епархія / Church.by