Хрэсны ход у гонар Сабору Беларускіх святых адбыўся ў Гродне
09 ліпеня 20197 ліпеня 2019 года, у Нядзелю 3-ю пасля Пяцідзесятніцы, у горадзе Гродна прайшоў хрэсны ход у гонар дня Сабору Беларускіх святых.
Хрэсны ход з нагоды гэтага свята ўжо стаў традыцыйным для Гродна — ён праводзіцца больш за два дзесяцігоддзі. За гэты час гараджане сталі ўспрымаць яго як неад'емную падзею лета. І хоць у гэтым годзе надвор'е аказалася не зусім летнім, гэта не перашкодзіла тысячам гарадзенцаў запоўніць вуліцы горада, каб ушанаваць памяць Беларускіх святых.
Пачаўся хрэсны ход адначасова ад двух гродзенскіх храмаў — Пакроўскага кафедральнага сабора і Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы. Па шляху шэсця да хрэснага ходу далучыліся духавенства і прыхаджане іншых гарадскіх храмаў. Упершыню ў шэсці прынялі ўдзел нядаўна створаныя праваслаўныя абшчыны з мікрараёнаў Фолюш і Пагараны.
Пасля прыбыцця хрэснага ходу да храма ў гонар Сабору Беларускіх святых да яго ўдзельнікаў звярнуўся архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.
Затым у верхнім храме прыхода была здзейснена Бажэственная літургія. У гэты дзень яна заўсёды здзяйсняецца на беларускай мове.
Па заканчэнні богаслужэння для ўсіх удзельнікаў хрэснага ходу была арганізавана трапеза.