Храму прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Івянцы — 10 гадоў

10 кастрычніка 2017

top.jpg

8 кастрычніка 2017 года епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел ўзначаліў Бажэственную літургію ў храме прападобнай Еўфрасінні Полацкай гарадскога пасёлка Івянец Валожынскага раёна. У гэтым годзе споўнілася 10 гадоў з дня асвячэння храма.

Архіерэю саслужылі: сакратар Маладзечанскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Віталь Багданёнак; благачынны Ракаўскай акругі, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін; настаяцель храма протаіерэй Віктар Перагудаў.

Богаслужэнне наведалі: старшыня Івянецкага пасялковага выканаўчага камітэта Тэрэса Ліпніцкая, намеснік старшыні ГА «Саюз мастакоў Беларусі» Глеб Отчык, намеснік старшыні Савета Асацыяцыі «Дзеці Чарнобыля» (горад Смеген, Швецыя) Май Рагнарсан, пастаянны член Савета Асацыяцыі «Дзеці Чарнобыля» Крысціна Граль, дабрачынцы і ахвярадаўцы храма.

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў настаяцель храма протаіерэй Віктар Перагудаў.

Па заканчэнні богаслужэння епіскап Павел звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам.

Яго Праасвяшчэнства павіншаваў протаіерэя Віктара Перагудава з 60-годдзем з дня нараджэння, уручыўшы у дар абраз Хрыста Спасіцеля. Таксама айцец Віктар быў узнагароджаны граматай Патрыяршага Экзарха.

Прадстаўнікам Асацыяцыі «Дзеці Чарнобыля» Мая Рагнарсану і Крысціне Граль былі ўручаны кнігі Новага Запавету ў перакладзе на сучасную беларускую мову.

Маладзечанская епархія / Church.by