Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел здзейсніў чын асвячэння падмурка храма-капліцы на месцы спачыну блажэннай Валянціны Мінскай
22 ліпеня 202522 ліпеня 2025 года епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел здзейсніў чын асвячэння падмурка і закладку памятнай капсулы ў храме-капліцы ў гонар святой блажэннай Валянціны Мінскай, якая ўзводзіцца на сельскіх могілках у Дзяржынскім раёне, дзе спачывае святая.
Яго Праасвяшчэнству саслужылі сакратар епархіі протаіерэй Віталь Багданёнак, благачынны Дзяржынскай царкоўнай акругі протаіерэй Барыс Палтаржыцкі і клірыкі Маладзечанскай епархіі. Дыяканскі чын здзейсніў дыякан Дзмітрый Яцэнка.
На набажэнстве прысутнічалі першы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Васіль Сысоеў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Касцевіч, намеснікі старшыні Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта Ілья Буйко і Вольга Ігнатава, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Алег Навіцкі, старшыня Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў Яўген Скарабагаты, старшыня Станькаўскага сельскага савета Сяргей Самкоў, старшыня праўлення ГА «Беларускі фонд міру» Максім Місько, намеснік старшыні праўлення ГА «Беларускі фонд міру», касманаўт, герой Беларусі Марына Васілеўская, старшыня савета дырэктараў ТАА «Евроторг» Аляксандр Літвін, першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белтэлекам» Генадзь Мельнікаў і іншыя ганаровыя госці.
Па заканчэнні асвячэння епіскап Павел звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам, у якім адзначыў, што святая блажэнная Валянціна вядомая далёка за межамі Беларусі. Многія да яе прыязджаюць і звяртаюцца па дапамогу і па яе малітвах ацаляюцца і прыходзяць да Бога. Капліца ўзводзіцца дзякуючы дапамозе ўладаў, прадпрыемстваў і неабыякавых людзей.
Узвядзенне капліцы пачалося ў жніўні 2024 года. Збор сродкаў на будаўніцтва быў абвешчаны па ініцыятыве Беларускага фонду міру.
Ужо шмат гадоў дагледжаная магілка на простых сельскіх могілках каля вёскі Коскі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці з'яўляецца вядомым месцам паломніцтва. Кожную нядзелю ля яе служацца вадасвятныя малебны, на якія прыязджаюць вернікі не толькі з усёй Беларусі, але і суседніх дзяржаў. Па добрай традыцыі да вялікіх царкоўных святаў людзі ўпрыгожваюць месца спачыну святой жывымі кветкамі і прыроднымі матэрыяламі, каб сваёй працай аддзячыць за дапамогу па яе малітвах. Так кожны ўносіць свой пасільны ўклад ва ўслаўленне матушкі Валянціны.
Яна стала адзінай у Беларусі святой, праслаўленай у чыне блажэннай. Матушка была кананізавана Беларускай Праваслаўнай Царквой па благаславенню першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) 6 лютага 2006 года, роўна праз 40 гадоў пасля свайго скону. Аднак яшчэ пры яе зямным жыцці не зарастала сцежка да маленькага доміка ў вёсцы Коскі, дзе жыла святая. Больш за трыццаць гадоў з-за хваробы матушка Валянціна не ўставала з ложка, але ацаляла і падтрымлівала тых, хто прыходзіў да яе па дапамогу. Як і святая Матрона Маскоўская, жанчына была абезрухомленая, але бачыла унутраным позіркам падзеі, што адбываюцца далёка ад яе. І падобна блажэннай Ксеніі Пецярбургскай прападобная казала вобразнымі фразамі, якія насілі глыбокі сэнс для тых, хто ўмее слухаць.
Першыя сведчанні пра цуды матушкі Валянціны адносяцца да даваеннага часу. Яна прадбачыла пачатак Вялікай Айчыннай вайны і іншыя важныя для краіны падзеі. Сваім наведвальнікам яна казала: «Я памру, але прыходзьце да мяне як да жывой, і я вам дапамагу». Дадзенае ёй абяцанне шчадралюбна спаўняецца і па гэты дзень. Блажэнная Валянціна стала крыніцай радасці і падтрымкі для многіх і многіх людзей — па малітвах святой людзі атрымліваюць ад Госпада дапамогу і суцяшэнне.
Ахвяраванні прымаюцца на спецыяльна адкрыты дабрачынны рахунак. Як можна пералічыць сродкі, можна даведацца на сайце Беларускага Фонду міру па спасылцы.
Маладзечанская епархія / Партал Дзяржынскага раёна / Church.by
Чытайце нас у мэсэнджарах Telegram і Viber,