У свята Уваходу Гасподняга ў Іерусалім Патрыяршы Экзарх здзейсніў Літургію ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска

21 красавіка 2019

top.jpg

21 красавіка 2019 года, у Нядзелю 6-ю Вялікага посту, ваій (Вербная нядзеля), святкаванне Уваходу Гасподняга ў Іерусалім, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў Бажэственную літургію ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэй Сергій Гардун, сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў і клірыкі кафедральнага сабора.

Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.

На малым уваходзе мітрапаліт Павел абвясціў Указ аб узнагароджанні протаіерэя Сергія Гардуна Патрыяршай узнагародай — правам служэння Бажэственнай літургіі з адкрытымі царскімі варотамі па «Іжэ Херувімы…»

За Бажэственнай літургіяй Патрыяршы Экзарх здзейсніў хіратонію ў дыякана Дзмітрыя Баўкуновіча, студэнта першага курса аспірантуры Мінскай духоўнай акадэміі.

Пропаведзь пасля запрычаснага верша прамовіў клірык Свята-Духава кафедральнага сабора протадыякан Віталь Дубяга.

Пасля заамвоннай малітвы Патрыяршы Экзарх і саслужачыя святары здзейснілі слаўленне святу.

Пасля заканчэння богаслужэння мітрапаліт Павел звярнуўся да прыхаджан і духавенства сабора са словам настаўлення.

Уладыка Павел павіншаваў усіх прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.

Church.by

Фотарэпартаж