У Магілёве на месцы былога канцлагера была здзейснена паніхіда
09 мая 20199 мая 2019 года каля паклоннага крыжа на месцы былога нацысцкага канцлагера для ваеннапалонных, вядомага як «Лупалоўскі лагер смерці», клірык Спаса-Праабражэнскага кафедральнага сабора горада Магілёва іерэй Андрэй Шаварын здзейсніў паніхіду па загінуўшых воінах.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны нацысты стварылі ў Магілёве лагер для палонных савецкіх салдат — так званы «Лупалоўскі лагер смерці». Штодня тут памірала па 200-300 чалавек, целы якіх тут жа закопваліся ў катлаваны. У лагеры, па архіўных звестках, пакутлівай смерцю загінула каля 80 тысяч воінаў, прычым вядомы імёны толькі 300 з іх.