Адбылася выстаўка-кірмаш, прысвечаная 700-годдзю Навагрудскай епархіі
14 чэрвеня 201711 чэрвеня ў Наваградку завяршыла працу праваслаўная выстаўка-кірмаш, прысвечаная 700-годдзю заснавання Навагрудскай епархіі. Праходзіла яна на працягу чатырох дзён. Кожны дзень быў багаты мерапрыемствамі для дзяцей і дарослых.
Школьнікі і малышы пабывалі на прадстаўленнях тэатра-батлейкі. Для хлопчыкаў і дзяўчынак мікрараёна Паўднёвы Захад працавала «Нядзельная школа ў нашым двары».
Каля ста школьнікаў прынялі ўдзел у конкурсах вершаў і малюнкаў, прысвечаных юбілейнай даце.
У Цэнтры культуры і народнай творчасці адкрылася выстаўка цэнтра народных рамёстваў «Адраджэнне». Для моладзі быў праведзены майстар-клас па выцінанцы і вырабе падзелак з саломкі.
У ААТ «Провит-Бел», Навагрудскім філіяле хлебазавода, заводзе газавай апаратуры і ЖКГ прайшлі сустрэчы святароў з калектывамі на тэму «Аб хрысціянскіх адносінах да бліжняга».
Цёпла сустракалі навагрудцы выступленні вакальнай групы храма святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, якая выконвала песні і вершы аб веры, душы і сэнсы жыцця ў канцэртных праграмах «Шукайце Бога».
Прадстаўнікі Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра правялі майстар-клас па выпечцы хлеба. На выставе таксама працаваў стэнд праваслаўных кніг «Добрае. Светлае. Вечнае», падрыхтаваны супрацоўнікамі гарадской бібліятэкі.
Штодня адбываліся малебны, праходзілі акцыі «Ад усяго сэрца», «Задай пытанне святару», «Адновім абіцель разам».
Завяршылася работа выставы канцэртам «Дарога да святла» ў Цэнтры культуры і народнай творчасці. Падрыхтаваны ён быў клірыкамі, прыхаджанамі і моладдзю храма святых страстацерпцаў Барыса і Глеба. Расказ пра гісторыю Навагрудскай епархіі чаргаваўся з вакальнымі і харэаграфічнымі нумарамі.
Звяртаючыся да гледачоў, настаяцель храма протаіерэй Мікалай Касяк сказаў:
— Мы павінны дзякаваць Богу за найвялікшы дар, які Ён даў нашаму народу, — веру праваслаўную!