Адбылася сустрэча Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі з моладдзю

11 лютага 2018

top.jpg

10 лютага 2018 года ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адбылася сустрэча мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з навучэнскай моладдзю.

Сустрэча была арганізавана ў рамках Злёту моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Удзел у ёй прынялі: рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Віктаравіч Сікорскі, старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Рускай Праваслаўнай Царквы епіскап Любярэцкі Серафім, старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Іаан Задарожын.

У зале прысутнічалі студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прадстаўнікі брацтваў і парафіяльных моладзевых аб'яднанняў, праваслаўныя скаўты.

Рэктар універсітэта Анатоль Сікорскі цёпла прывітаў прысутных, адзначыўшы, што дзверы галоўнай медыцынскай ВНУ краіны заўсёды адкрыты для падобных мерапрыемстваў.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел звярнуўся да моладзі з архіпастырскім словам, у якім, у прыватнасці, нагадаў словы апостала Паўла: «Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але нішто не павінна валодаць мною» (1 Кар. 6: 12). На думку Патрыяршага Экзарха, свабода, дараваная чалавеку Богам, не павінна перарастаць ва ўсёдазволенасць. Кожны з нас закліканы пазбягаць залежнасці ад граху і імкнуцца жыць не для самога сябе, але для іншых, таму што праз служэнне бліжнім мы служым Богу.

Уладыка Экзарх пажадаў маладым людзям праводзіць менш часу ў віртуальным свеце інтэрнэт-прасторы і старацца надаваць больш увагі непасрэдным жывым зносінам з навакольнымі. «Нашыя зносіны з Богам пачынаецца з нашых зносін адзін з адным», — сказаў мітрапаліт Павел.

Далей да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся епіскап Любярэцкі Серафім, які падкрэсліў, што сапраўдны сэнс жыцця і сапраўднае шчасце чалавек можа здабыць толькі ў Хрысце. Ніякія матэрыяльныя каштоўнасці, ніякае павышэнне ўзроўню камфорту і дастатку не ў стане зберагчы чалавека ад душэўных крызісаў і замяніць Бога.

Усе жадаючыя змаглі задаць архіпастырам пытанні і атрымалі на іх адказы. Стаўленне Царквы да найноўшых інфармацыйных тэхналогій, выхаванне дзяцей у сям'і, школе і на прыходзе, праблемы сучаснага масавага мастацтва — гэтыя і іншыя тэмы былі закрануты ў ходзе дыялогу.

Church.by

Фотарэпартаж