Рэдкае выданне 1600 года «Евангелле напрастольнае» папоўніла збор царкоўна-гістарычнага музея Мінскай духоўнай акадэміі
01 чэрвеня 2026Старадрукаванае выданне 1600 года «Евангелле напрастольнае» з сігнатурамі, надрукаванае ў Вільні ў друкарні братоў Мамонічаў, было знойдзена ў архіве Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора падчас абследавання фондаў рэдкіх кніг прыходаў у рамках падрыхтоўкі рэестра кніжных помнікаў Беларускага Экзархату.
Віленскае выданне «Евангелля напрастольнага» з'яўляецца помнікам кніжнай культуры эпохі ручнога прэса і матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Сёння ў розных краінах свету зарэгістравана каля 70 асобнікаў дадзенага выдання.
У Беларусі знаходзяцца тры экзэмпляры «Евангелля Напрастольнага» 1600 года: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі — без сігнатур, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеі — з сігнатурамі.
Па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прынята рашэнне аб перадачы рарытэту для экспанавання ў царкоўна-гістарычны музей Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага.
У цырымоніі перадачы артэфакта прынялі ўдзел старшыня прыходскага савета Свята-Духава кафедральнага сабора ў горадзе Мінску іерэй Дыянісій Кавалёў, захавальнік фондаў царкоўна-гістарычнага музея іераманах Фёдар (Кашанок), загадчыца музея Вольга Кір'янава і сакратар Выдавецкай рады Беларускага Экзархату, захавальнік мемарыяльнай бібліятэкі Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Тамара Самайлюк.
Асобнік Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора ўяўляе цікавасць для даследчыкаў кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага. Ён зойме месца сярод экспанатаў царкоўна-гістарычнага музея і дазволіць наведвальнікам даведацца аб гэтым рарытэце і гісторыі кнігадрукавання на Беларускіх землях мінулых стагоддзяў.
biblioteka-hram.by / Church.by
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,
сацсетках Instagram, ВКонтакте,

