Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

30 сакавіка 2017

top.jpg30 сакавіка 2017 года Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наведаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Архіпастыра суправаджалі: епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы; архімандрыт Сергій (Акімаў), рэктар Мінскай духоўнай акадэміі; протаіерэй Іаан Задарожын, старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі, рэктар Мінскага духоўнага вучылішча; протаіерэй Святаслаў Лявіцкі, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі; іерэй Алег Голубеў, першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; іерэй Святаслаў Рагальскі, старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла»; іерэй Дзімітрый Ворса, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі.

Аглядную экскурсію для Патрыяршага Экзарха і гасцей правёў дырэктар музея Дзмітрый Генадзьевіч Шляхцін. Ён расказаў аб гісторыі стварэння экспазіцыі ў новым будынку музея, у якой ярка адлюстравана патрыятычная дзейнасць Рускай Праваслаўнай Царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У фондах музея захоўваюцца лістоўкі «Божай міласцю», газетныя паведамленні ваенных гадоў пра ахвяраванні праваслаўных прыходаў для вызвалення Айчыны.

У ліку экспанатаў музея — фота «Перадача Чырвонай Арміі танкавай калоны імя Дзмітрыя Данскога, пабудаванай на сродкі, сабраныя Праваслаўнай Царквой. 7.03.1944 г.», а таксама прабіты куляй пацёрты кашалёк удзельніка антыфашысцкага падполля гарадскога пасёлка Узда Мінскай вобласці Васіля Паўлавіча Бокуця, у якім адважны падпольшчык захоўваў два праваслаўных крыжыка.

Патрыяршы Экзарх азнаёміўся з разгорнутай фотавыставай «Патрыятычнае служэнне Праваслаўнай Царквы», эпіграфам да якой служаць словы Збавіцеля: «Бо́льшай любо́ві ні ў кога няма, як тая, калі хто душу́ сваю пало́жыць за сябро́ў сваіх» (Ін. 15: 13).

Пасля экскурсіі ў Зале Перамогі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пагадненне падпісалі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Генадзьевіч Шляхцін.

Пасля гэтага мітрапаліт Павал пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей. 

Church.by

Фотарэпартаж