Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускім Экзархатам Маскоўскага Патрыярхату і грамадскім аб'яднаннем «Беларускае таварыства глухіх»
11 лютага 202611 лютага 2026 года ў Мінскім епархіяльным упраўленні адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой (Беларускім Экзархатам Маскоўскага Патрыярхату) і грамадскім аб'яднаннем «Беларускае таварыства глухіх».
Пагадненне падпісалі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін і старшыня Цэнтральнага праўлення Грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства глухіх» Сяргей Скурановіч.
Пры падпісанні прысутнічалі: намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Матусевіч; старшыня камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марына Ільіна; намеснік старшыні Цэнтральнага праўлення Грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства глухіх» Таццяна Шэйман; старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы (Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату) па катэхізацыі, настаяцель прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі горада Мінска іерэй Сцяфан Варапай; намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па катэхізацыі, настаяцель прыхода храма Стрэчання Гасподняга горада Мінска іерэй Іаан Барысевіч.
Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой (Беларускім Экзархатам Маскоўскага Патрыярхату) і грамадскім аб'яднаннем «Беларускае таварыства глухіх» было падпісана з мэтай развіцця дзейнасці, накіраванай на інтэграцыю і духоўна-маральную асвету людзей з парушэннямі слыху.
***
На сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь налічваецца больш за 10 000 чалавек з парушэннем слыху. Яны сутыкаюцца са складанасцямі ў камунікацыі і асобнай праблемай з'яўляецца іх інтэграцыя ў царкоўнае жыццё.
Беларуская Праваслаўная Царква сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Беларускае таварыства глухіх» ужо некалькі гадоў рэалізуе праекты, накіраваныя на інтэграцыю і пераадоленне бар'ераў, звязаных з асаблівасцямі здароўя інвалідаў па слыху.
Па ініцыятыве Беларускай Праваслаўнай Царквы арганізаваны і дзейнічаюць некалькі буйных праектаў, што рэалізуюцца Сінадальным аддзелам Беларускай Праваслаўнай Царквы (Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату) па катэхізацыі:
- «Школа жэставай мовы» — праект, накіраваны на падрыхтоўку прыходскіх спецыялістаў, якія валодаюць асновамі жэставай мовы;
- «Пра Бога без лішніх слоў» — праект, накіраваны на духоўную асвету людзей з парушэннямі слыху, які рэалізуецца ў інтэрнэт-прасторы;
- «Інклюзіўная паломніцкая служба» — праект, накіраваны на катэхізацыю асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, у тым ліку з парушэннем слыху, далучэнне іх да духоўнай і культурнай спадчыны Праваслаўнай Царквы.
Таксама Беларуская Праваслаўная Царква ініцыіравала стварэнне прыхода храма Стрэчання Гасподняга ў горадзе Мінску, дзейнасць якога накіравана на духоўнае акармленне і сацыяльную падтрымку людзей з парушэннем слыху. Падобная дзейнасць пачынае развівацца і ў іншых рэгіёнах Рэспублікі Беларусь: Брэсце, Гомелі, Гродне і Барысаве.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

