Зварот Свяцейшага Патрыярха Кірыла з нагоды Дня цвярозасці

11 верасня 2017

top.jpg

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл выступіў са зваротам з нагоды Дня цвярозасці, які штогод адзначаецца 11 верасня — у дзень Усекнавення галавы святога Іаана Прадцечы.

Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!

Сёння Царква малітоўна шануе памяць пачэснага слаўнага Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана. За богаслужэннем мы чулі евангельскае апавяданне пра тое, як бязбожны цар Ірад, які стаў закладнікам свайго абяцання, дадзенага на балі, загадаў адсекчы галаву гэтаму ўгодніку Божаму (Мк. 6:14-30). І таму менавіта гэты дзень — дзень строгага посту — быў абраны Царквой для таго, каб нагадаць людзям аб неабходнасці цвярозага ладу жыцця. З 2014 года Свяшчэнны Сінод аднавіў існаваўшую некалі традыцыю — штогод у свята Усекнавення галавы Іаана Прадцечы адзначаць Дзень цвярозасці.

Цвярозасць у шырокім сэнсе слова можна разумець як здольнасць правільна ацэньваць тое, што адбываецца і ўнутры нас і звонку. Менавіта цвярозы погляд на рэчы дапамагае нам рабіць правільны жыццёвы выбар, выбудоўваць добрыя адносіны з роднымі і блізкімі, з навакольнымі нас людзьмі. На жаль, нярэдка чалавек, кіруючыся ілжывымі каштоўнасцямі і арыенцірамі, збіваецца з сапраўднага шляху. Ён пачынае адчуваць ў душы трывогу і пустэчу, упадае ў роспач. Яму здаецца, што з дапамогай розных адурманьваючых рэчываў, у тым ліку алкаголю ён зможа вызваліцца ад праблем. Аднак замест свабоды ад бед ён трапляе ў залежнасць ад страшнай хваробы. У выніку руйнуюцца чалавечыя адносіны, здзяйсняюцца злачынствы, распадаюцца сем'і, дзеці становяцца сіротамі пры жывых бацьках.

Дзень цвярозасці закліканы дапамагчы чалавеку, які знаходзіцца ў жорсткім палоне вінапіцця і іншых згубных залежнасцяў, задумацца аб сваім жыцці і стаць на шлях выпраўлення, здабыць сапраўдную свабоду і радасць жыцця, якая немагчымая без выканання запаведзяў Божых, без здзяйснення добрых спраў і свядомай працы, без шчырай любві да людзей і клопату аб іх.

Прыемна, што сёння на многіх прыходах адкрываюцца суполкі цвярозасці, дзейнічаюць рэабілітацыйныя і кансультацыйныя цэнтры, якія дапамагаюць людзям вярнуцца да цвярозага ладу жыцця. У гэтым немалая заслуга як царкоўных, так і свецкіх спецыялістаў, якія прысвяцілі сябе служэнню блізкім, што пакутуюць. І гэтыя намаганні не марныя: па міласці Божай сотні, тысячы некалі няшчасных людзей знаходзяць надзею і магчымасць вызваліцца ад грахоўнай залежнасці.

Малітвамі Хрысціцеля Спасава Іаана няхай дапаможа Гасподзь Усёмагутны спыніць распаўсюджванне зла алкагалізму і іншых згубных прыхільнасцяў на нашай зямлі і звярнуць людзей да сапраўднай радасці жыцця ў Хрысце Іісусе.

+КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ

Патриархия.ru / Church.by