Мітрапаліт Філарэт выказаў спачуванне ў сувязі са смерцю народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча

29 студзеня 2017

top.jpgУ ноч з 27 на 28 студзеня пасля хваробы пайшоў з зямнога жыцця народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч. Мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, выказаў спачуванне ўдаве і дачцэ памерлага.

Паплаўскай  Ядвізе Канстанцінаўне,

Ціхановіч Анастасіі Аляксандраўне

Дарагія Ядвіга Канстанцінаўна і Анастасія Аляксандраўна!

Смуткам у маёй душы адгукнулася вестка аб заўчаснай смерці Аляксандра Рыгоравіча Ціхановіча.

Сыход роднага чалавека — гэта заўсёды боль. Не выпадкова нават Сам Спасіцель плакаў аб Сваім памерлым сябры Лазары. Малю Госпада і Прачыстую Дзеву Марыю суцешыць вашыя сэрцы і абнавіць сілы, аднятыя ў вас цяжкай стратай.

Аляксандр Рыгоравіч на працягу свайго жыцця — а жыццё гэтае, як часцяком бывае ў людзей творчых, было няпростым і далёка не «глянцавым» — ішоў да Хрыста, да Святла. Веру, што завяршыўся гэты шлях вечным жыццём у Нябесным Царстве. Прыхажанін даўняй сталічнай царквы ў гонар дабравернага князя Аляксандра Неўскага, Аляксандр Ціхановіч наследаваў свайму святому заступніку ў імкненні выканаць заклік апостала Паўла: Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром (Рым. 12: 21).

З'яўляючыся свецкім чалавекам, Аляксандр Рыгоравіч здзяйсняў вельмі важнае для Царквы і нашай Беларускай Айчыны служэнне — місію дабрадзейнасці і міласэрнасці. Ён аказаў нямала дапамогі прыходам, падтрымліваў нямоглых і хворых. Ва ўсе свае справы — спевы, выхаванне маладых талентаў, дабрачыннасць — Аляксандр Ціхановіч ўкладваў душу.

Вечная памяць новаспачыламу рабу Божаму Аляксандру!

+ Філарэт,

Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

 Church.by