Віфлеемскі агонь міру пачаў перадкаляднае шэсце па беларускіх храмах

26 снежня 2017

top.jpg

23 снежня ў парафіі храма іконы Божай Маці «Няўпіўная Чаша» горада Мінска адбылася ўрачыстая сустрэча агню з Базылікі Ражджаства Хрыстовага ў Віфлееме. Настаяцель прыхода протаіерэй Дыянісій Пясецкі здзейсніў урачысты малебен з нагоды прыбыцця Віфлеемскага агню. За богаслужэннем маліліся прадстаўнікі моладзевых скаўцкіх арганізацый трох краін: Расіі, Беларусі і Украіны.

Перадкалядную традыцыю распаўсюджвання Віфлеемскага агню міру пачала ў 1986 годзе аўстрыйская радыёкампанія ORF з горада Лінц. Першапачаткова акцыя планавалася з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і ўвазе ў перыяд калядных святаў. Гэтую высакародную справу ўзялі ў свае рукі скаўты. Ад аднаго скаўцкага атрада да іншага Віфлеемскі агонь пераадольвае мноства межаў і трапляе да ўсіх, хто чакае гэты сімвал цяпла, спакою і веры. Скаўты перадаюць яго цэрквам, нясуць у дзіцячыя дамы і бальніцы, каб тыя, хто знаходзіцца далёка ад дома, у складанай жыццёвай сітуацыі маглі адчуць цяпло Віфлеемскай зоркі і запаліць у сваім сэрцы надзею. У 1994 годзе да гэтай акцыі далучыліся і беларускія скаўты.

Па традыцыі, агонь з месца нараджэння Збавіцеля ў беларускую сталіцу даставілі скаўты з Украіны. Беларускія скаўты, у сваю чаргу перадалі Віфлеемскі агонь скаўтам з Расіі. 24 снежня агонь быў урачыста сустрэты на Круціцкім Патрыяршым падвор'і ў Маскве, а ў ноч з 25 на 26 снежня Віфлеемскі агонь прыбыў у Екацярынбург і Омск.

З кожным годам акцыя «Віфлеемкі агонь міру» становіцца ўсё папулярней і шматлюдней, пашыраецца яе геаграфія. Некалькі гадоў таму агонь быў перададзены за Палярны круг і далёка за Урал. Тысячы вернікаў — моладзь і людзі старэйшага пакалення — перадаюць адзін аднаму часцінку Віфлеемскага агню з пажаданнем дабра і міру напярэдадні Ражджаства Хрыстова.

Church.by