У Жыровічах малітоўна ўшанавалі 145-годдзе з дня смерці протаіерэя Плакіда Янкоўскага

11 сакавіка 2017

31.jpg

11 сакавіка 2017 года па благаславенню рэктара Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя адбылося памятнае мерапрыемства, прысвечанае 145-годдзю з дня смерці аднаго з першых прафесараў духоўнай семінарыі ў Жыровічах протаіерэя Плакіда Янкоўскага (1810-1872).

У дзень смерці прафесара протаіерэя Плакіда Янкоўскага ў семінарскім Трохсвяціцельскім храме была здзейснена паніхіда, якую ўзначаліў першы прарэктар семінарыі протаіерэй Андрэй Цыгель у саслужэнні інспектара семінарыі протаіерэя Віктара Васілевіча, выкладчыкаў іерэя Іаана Канановіча і іерэя Канстанціна Мачана.

Па заканчэнні паніхіды іерэй Канстанцін Мачан здзейсніў памінальную ліцію на магіле незабыўнага протаіерэя у Георгіеўскім могільнікавым храме Жыровіцкага манастыра.

Па заканчэнні набажэнстваў у актавай зале Мінскай духоўнай семінарыі ў прысутнасці выкладчыкаў і студэнтаў адбылося памятнае мерапрыемства. Прарэктар па навуковай рабоце дацэнт Аляксандр Слесараў распавёў аб жыцці протаіерэя Плакіда Янкоўскага і пазнаёміў аўдыторыю са зборнікам артыкулаў жыровіцкага прафесара «Запіскі сельскага свяшчэнніка». Далей загадчык кафедры царкоўнай гісторыі протаіерэй Аляксандр Раманчук выступіў з паведамленнем, у якім звярнуў увагу на асаблівасці царкоўнай дзейнасці протаіерэя Плакіда ў кантэксце падрыхтоўкі ўз'яднання беларускіх уніятаў з Праваслаўем. Падвёў вынікі памятнага мерапрыемства інспектар семінарыі протаіерэй Віктар Васілевіч, які заклікаў студэнтаў захоўваць памяць аб протаіерэі Плакідзе Янкоўскім і пераймаць яго прыклад ва ўсвядомленым захаванні праваслаўнай веры.

Завяршылася памятнае мерапрыемства абвяшчэннем «Вечнай памяці» протаіерэю Плакіду Янкоўскаму і яго жонцы Алене.

ДАВЕДКА: Протаіерэй Плакід Гаўрылавіч Янкоўскі нарадзіўся ў сям'і ўніяцкага свяшчэнніка на Гродзеншчыне. У 1830 годзе на выдатна скончыў Галоўную ўніяцкую семінарыю пры Віленскім універсітэце і атрымаў прызначэнне на пасаду выкладчыка Літоўскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Выкладаў літаратуру, французскую і лацінскую мовы. Валодаў англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, чэшскай, старажытнаяўрэйскай, рускай, польскай і лацінскай мовамі. У 1833 годзе прыняў свяшчэнны сан і атрымаў званне прафесара. Аўтар аповесцяў, апавяданняў, гумарэсак, краязнаўчых і біяграфічных нарысаў. Перакладаў на польскую мову творы італьянскай, англійскай, нямецкай і рускай літаратуры, у тым ліку Шэкспіра, Гётэ, Пушкіна. Пісаў пад псеўданімам John of Dycalp. Выдаў на польскай мове каля 20 уласных кніг. Рабіў спробы па арганізацыі выдання альманаха «Літвіны».

У пачатку 1830-х гадоў святар Плакід Янкоўскі разам з групай маладых уніяцкіх святароў выступіў з падтрымкай епіскапа Іосіфа (Сямашкі) па пытанні скасавання ўніі і наступнага ўз'яднання беларускіх і літоўскіх грэка-каталікоў з Праваслаўем. Пахаваны ў Георгіеўскай могільнікавай царкве Жыровіцкага манастыра.

МінДС / Church.by