У Полацку прайшлі «Калядныя сустрэчы — 2017»

16 студзеня 2017

top.jpg

У Полацку 12 студзеня адбыліся «Калядныя сустрэчы — 2017», якія ўпершыню адкрыліся молебным спевам на навалецце. Яны праходзілі ў Палацы культуры ААТ «Полацк-Шкловалакно». У фае палаца размясцілася выстава творчых работ на калядную тэму ўстаноў адукацыі Полаччыны.

На вечары прысутнічалі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Даніленка, прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады 11 адміністрацыйных цэнтраў, размешчаных на тэрыторыі Полацкай епархіі, палачане, і госці горада.

У пачатку канцэрта была агучана інфармацыя аб тым, што 2017 год будзе насычаны важнымі фактамі, падзеямі, юбілеямі, сярод якіх — 1155 гадоў першага ўпамінання аб Полацку ў «Аповесці часовых гадоў»; 1025 гадоў утварэння Полацкай епархіі; 500 гадоў выдання палачанінам Францыскам Скарынай у Празе Бібліі.

Усе творчыя нумары падарылі артыстам магчымасць праслаўляць Нараджэнне Богадзіцяці — Ісуса Хрыста. Лейтматывам канцэрта была тэма малітвы — падмурка духоўнага жыцця чалавека. Змест сцэнічнага дзейства стаў напамінам аб вечных хрысціянскіх ісцінах, аб дабры, аб узаемаразуменні, аб любові да бліжняга.

Прысутных павіншавалі са святам Уладзімір Цярэнцьеў, архіепіскап Феадосій, а таксама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў у сваёй прамове адзначыў, што Ражджаство Хрыстова — «гэта, мабыць, самае светлае, самае добрае, самае жаданае свята. Свята, якое мы чакалі, быўшы дзецьмі, свята, якога чакаем, стаўшы дарослымі». Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў аб тым, што ў снежні 2016 года ў Глыбокім праходзілі II епархіяльныя Калядныя чытанні, на якіх абмяркоўвалася тэма жыцця Беларускай Праваслаўнай Царквы ў перыяд з 1917 па 2017 гады. «Гэта складаны перыяд: гады Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны — братазабойчай вайны, Вялікая Айчынная вайна, аднаўленне народнай гаспадаркі, развал Савецкага Саюза, стварэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Калядныя чытанні ў Глыбокім — сапраўды свята розуму, свята сэрца, дзе кожны мог выказацца, паслухаць цікавых навукоўцаў», — адзначыў ён. Кіраўнік Савета дэпутатаў таксама цёпла павіншаваў архіепіскапа Феадосія з 20-годдзем прызначэння на Полацкую кафедру.

Мікалай Шаўчук ад імя Полацкага раённага выканаўчага камітэта павіншаваў прысутных са светлым святам Ражджаства Хрыстова, пажадаў прысутным і іх сем'ям простага чалавечага шчасця, міру, дабра і дабрабыту.

Ад імя Наваполацкага гарвыканкама і ўсіх навапалачан з царкоўнай урачыстасцю гледачоў павіншаваў Дзмітрый Дзямідаў: «У гэтыя святочныя дні хочацца пажадаць, каб усе тыя нашы каштоўнасці, якія ўвасабляюць свята Ражджаства Хрыстова — чалавекалюбства, міласэрнасць, дабро, любоў — таксама, як і шмат стагоддзяў назад, захоўваліся, развіваліся і памнажаліся на святой Полацкай зямлі», — сказаў ён.

Павучальным стаў зварот архіепіскапа Феадосія. «Ражджство Тваё, Хрысце Божа наш, заззяла свету святлом розуму... Гэты свет прасвятліў краіны і народы, стагоддзі і пакаленні. І гэты свет дасягнуў межаў нашага старажытнага Полацкага княства. Мудрыя былі ў нас продкі. Займаючыся дзяржаўным будаўніцтвам, яны вырашылі закласці вельмі моцны фундамент духа ў жыццё сваёй нацыі. Яны абралі і зацвердзілі Праваслаўе. На ім будавалі і сваю адукацыю, і сваю культуру, і сваё грамадскую жыццё. Прайшлі стагоддзі. І ў нашай краіне, і на нашай зямлі, і ва ўсім свеце адбыліся велізарныя змены. Змяніліся палітычныя лады, грамадска-эканамічныя фармацыі, цывілізацыя змянілася. Не змянілася толькі адно: душа нашага народа з моцнай верай, самасвядомасцю і сваёй культурай. Таму і жывем мы ў цяперашні час у незалежнай беларускай дзяржаве. Нам даравана Айчына. Яе захоўвае Бог», — сказаў архіпастыр.

На «Калядных сустрэчах» назвалі пераможцаў Першага адкрытага раённага конкурсу праваслаўнай літаратурна-музычнай творчасці «Благавест над Полацкам». Свае ўзнагароды лаўрэаты атрымалі з рук уладыкі Феадосія і Мікалая Шаўчука. Конкурс праходзіў 5 і 9 студзеня. Ініцыятыва яго правядзення паступіла ад кіраўнікоў установы культуры і прадстаўнікоў Полацкай епархіі з мэтай прыцягнуць да ўдзелу ў Калядных імпрэзах лепшыя творчыя сілы Полаччыны. У кароткія тэрміны было заяўлена больш за 150 удзельнікаў па 6 намінацыях. Гран-пры дасталася Андрэю Анісімаву, прадстаўніку полацкай сярэдняй школы № 10.

Полацкая епархія / Church.by