У гродзенскім бальнічным храме свяціцеля Лукі адбылася лекцыя доктара філасофскіх навук Алега Раманава

09 кастрычніка 2017

top.jpg

У храме свяціцеля Лукі Крымскага пры Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы 8 кастрычніка 2017 года адбылася лекцыя прафесара кафедры філасофіі ГрДУ імя Янкі Купалы, доктара філасофскіх навук Алега Аляксандравіча Раманава.

Лекцыя прайшла па благаславенню настаяцеля храма протаіерэя Аляксандра Хомбака і была прысвечана тэме «Навука і рэлігія: ад канфрантацыі да супрацоўніцтва».

Спачатку Алег Аляксандравіч адзначыў, што ў сучасным грамадстве моцныя антыхрысьціянскія і антыправаслаўныя настроі. У сваіх нападках на рэлігію атэісты часта спасылаюцца на аўтарытэт навукі: маўляў, навукоўцы даказалі, што Бога няма, а тыя, што вераць, з'яўляюцца малаадукаванымі людзьмі. Але факт, што многія з навукоўцаў, напрыклад Ньютан, Ампер, Дэкарт, Пастэр, Мендэль і гэтак далей — людзі веруючыя.

Далей лектар правёў гістарычны аналіз ўзаемадзеяння навукі і рэлігіі, пачынаючы ад дахрысціянскіх часоў і заканчваючы нашымі днямі. Ён адзначыў, што старажытныя мысляры і філосафы, спасцігаючы навакольны свет, адзначалі ўсю яго складанасць, разнастайнасць і ў той жа час дзіўную гармонію, бачачы ў ім прысутнасць Тварца. Пасля падзення Рымскай імперыі Еўропу апанавала варварства; цэнтрамі захавання ўсёй навуковай і культурнай спадчыны чалавецтва і яго далейшага развіцця сталі манастыры і духоўныя школы. У часы эпохі Адраджэння ў еўрапейскім грамадстве, асабліва ў асяроддзі правячай эліты, культурных дзеячаў, навукоўцаў пышным цветам расцвілі акультызм, магія, алхімія, забабоны. Менавіта Царква, якая змагалася супраць усялякіх ерасяў, стала адзіным пунктам аб'ектыўнага супрацоўніцтва навукі і рэлігіі, дапамагаючы сапраўдным навукоўцам. Не супярэчыла рэлігія асвеце і на Русі. Да стварэння Расійскага ўніверсітэта Міхаілам Ламаносавым, які таксама быў веруючым чалавекам, Царкве належала вядучая роля ў справе адукавання народа і распаўсюджвання культуры.

Сучасная навука, па словах Алега Раманава, вывучае не столькі асобныя з'явы і падзеі, колькі складаныя сістэмы і пры гэтым не можа абысціся без уліку маральных каштоўнасцяў, правоў, у тым ліку рэлігійных, розных людзей, інакш пагражае стаць сілай разбурэння.

Пасля выступлення лектар адказаў на мноства пытанняў. Слухачы выказалі надзею на далейшыя сустрэчы з навукоўцам.

Сустрэча з Алегам Раманавым адкрыла цыкл лекцый у храме свяціцеля Лукі, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Наступная лекцыя адбудзецца ў аўторак, 15 кастрычніка. Аб хрысціянскіх святынях Гродзеншчыны распавядзе кандыдат культуралогіі, загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ Сяргей Уладзіміравіч Данскіх.

Гродзенская епархія / Church.by