У Гомельскай епархіі праходзіць хрэсны ход з часцінкай Рызы Гасподняй і часцінкай мошчаў блажэннай Матроны Маскоўскай
28 лютага 2018Па благаславенню епіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана ў Гомельскай епархіі праходзіць хрэсны ход з каўчэгам з мошчамі вялікай святой ХХ стагоддзя — старыцы Матроны Маскоўскай, малітвай і заступніцтвам якой просьбіты атрымліваюць ацаляльную дапамогу, а таксама з найвялікшай святыняй хрысціянскага свету — часцінкай Рызы Гасподняй у крыжы-машчавіку.
Святыні ўжо наведалі Светлагорск і Жлобін. Да 10 сакавіка яны будуць знаходзіцца ў Рэчыцы, у храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы. З 10 па 18 сакавіка святыні будуць знаходзіцца ў храме святога Аляксандра Неўскага ў Рагачове.
Усе чатыры Евангеллі распавядаюць, што воіны, якія ўкрыжоўвалі Збавіцеля, «дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя на яе, каму што ўзяць» (Мк. 15: 24). Частка тканіны пасля апынулася на тэрыторыі цяперашняй Грузіі (паданне гаворыць, што адзін з воінаў Пілата быў родам з гэтай правінцыі) і святыня збераглася грузінскімі хрысціянамі. У XVII стагоддзі, пасля заваёвы Грузіі персамі, святыня трапіла ў рукі персідскага шаха Абаса. Той у знак дружбы з царскім домам Раманавых паднёс каштоўную рэліквію ў дар Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму Філарэту. Рыза Гасподняя была ўрачыста пакладзена ў Успенскім саборы Крамля. Неўзабаве яна праславілася цудамі і вылячэннямі, а яе фрагменты разышліся па розных гарадах Русі. Адну з такіх часцінак цар Аляксей Міхайлавіч падарыў у 1650 годзе за заслугі перад Айчынай яраслаўскім купцам Скрыпіным. Святыня захоўвалася ў спецыяльна пабудаванай царкве прарока Ільі да 1922 года, пасля чаго была страчана — здавалася, незваротна. Але ў 2003 годзе адміністрацыя Яраслаўскага гісторыка-архітэктурнага музея-запаведніка «Спаскі манастыр» зрабіла сенсацыйную заяву: часцінка Рызы Гасподняй знайшлася ў музейных фондах пад іншай назвай. Пошукавыя працы навукоўцаў увянчаліся поспехам шмат у чым дзякуючы падрабязнаму апісанню рэліквіі ў кнізе яраслаўскага мецэната Івана Аляксандравіча Вахрамеева — прадзеда мітрапаліта Філарэта, сёння Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. З Вялікай Пятніцы 2004 года часцінка Рызы Спасіцеля знаходзіцца ва Увядзенкім Толгскім манастыры. Гэты маленечкі кавалачак тканіны ўяўляе сабой каласальную каштоўнасць для ўсяго хрысціянскага свету.
Тэлефон для даведак: +375 44 737-70-73, Дзяніс Аляксандравіч.