Рэгіянальныя Калядныя чытанні адбыліся ў Бабруйску

12 снежня 2017

top.jpg

 

12 снежня 2017 года ў горадзе Бабруйску прайшлі рэгіянальныя Калядныя адукацыйныя чытанні на тэму: «Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва».

 

Калядныя чытанні праводзяцца ў горадзе на Бярэзіне ў трэці раз і ўжо сталі прыкметным царкоўна-грамадскім форумам у сферы адукацыі, культуры і духоўна-маральнай асветы, дыскусійнай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў.

 

Перад адкрыццём чытанняў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэгіянальнага этапу XIII Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці «Прыгажосць Божага свету» і пераможцаў I алімпіяды праваслаўных ведаў.

 

У рамках узнагароджання была прадстаўлена выстава творчых работ пераможцаў конкурсу «Прыгажосць Божага свету».

 

Фіналістаў конкурсу павіншаваў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім.

 

Адкрываючы пленарнае пасяджэнне чытанняў, уладыка Серафім адзначыў:

 

— Часам ствараецца ўражанне, што Царква пастаянна заклікае ад нечага адмовіцца, стаіць «супраць» нейкіх з'яў культуры, але сама не прапануе ніякай пазітыўнай праграмы. Але гэта ў корані не так, таму што гаворка ідзе аб той сферы, якую мы называем грахом. У барацьбе з апраўданнем і прапагандай граху Царква заўсёды была строгая, і такой застанецца.

 

Епіскап Серафім падкрэсліў, што «галоўнай мэтай Царквы на працягу ўсёй яе гісторыі было выратаванне людзей, дапамога людзям у ўсведамленні сэнсу іх жыцця, жыцця ў Богу. У гэтым заключаецца пазітыўная праграма Царквы і яе прапанова свету».

 

— Праваслаўе — гэта рэлігія свабоды і любві, прыгажосці і святла, — працягнуў уладыка Серафім, — яно адкрывае неаглядную прастору для творчасці, для ўнутранага самавыхавання, для сустрэчы з Богам і гарманічных адносін з людзьмі. У Праваслаўі нікому не можа быць душна, цесна і няўтульна, яно адкрыта для ўсіх.

 

У завяршэнне ўладыка высока ацаніў узровень супрацоўніцтва Бабруйскай епархіі з дзяржавай у галіне адукацыі і культуры, а таксама ў сацыяльнай сферы, вынікам чаго сталі такія праекты, як факультатыўнае вывучэнне праваслаўнай культуры ў школах, штогадовыя метадычныя семінары для педагогаў-рэлігіязнаўцаў, метадычныя аб'яднанні для настаўнікаў і бібліятэкараў, курсы павышэння кваліфікацыі для педагогаў-рэлігіязнаўцаў, конкурсы дзіцячай творчасці.

 

Высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж Царквой і дзяржавай у адукацыі і сацыяльнай сферы адзначыў і намеснік старшыні Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Васільевіч Маркачоў.

 

З пленарным дакладам на тэму: «Вопыт супрацоўніцтва Польскай Праваслаўнай Царквы з дзяржавай у арганізацыі школьнай рэлігійнай адукацыі» выступіла доктар педагагічных навук, дацэнт Варшаўскай хрысціянскай багаслоўскай акадэміі, выкладчык Варшаўскай праваслаўнай духоўнай семінарыі Ліла Буслоўская.

 

Цэнтр падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакровы» горада Бабруйска прэзентаваў лекцыйна-выставачны комплекс «Моладзь за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці».

 

Далей праца працягнулася ў секцыях.

 

У секцыі «Царква і грамадства: сацыяльнае партнёрства ў галіне адукацыі і выхавання» з дакладамі выступілі: кандыдат багаслоўя, клірык Траецкага сабора ў Гайнаўцы (Польшча), інспектар па вывучэнню Закона Божага ў Варшаўскай епархіі, законавучыцель агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання протаіерэй Андрэй Буслоўскі і выкладчык астраноміі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, аўтар падручніка па астраноміі для 11-га класа сярэдніх школ, клірык прыхода храма прападобнага Серафіма Сароўскага горада Мінска протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

 

У секцыі «Праваслаўная Царква і армія: шлях сумеснага служэння Айчыне» свае даклады прадставілі: старшы выкладчык кафедры ідэалагічнай работы УА «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь», палкоўнік запасу Іван Васільевіч Саблін; кіраўнік аддзела Слуцкай епархіі па ўзаемадзеянні з Узброенымі сіламі протаіерэй Аляксандр Пігаль; кіраўнік аддзела Магілёўскай епархіі па ўзаемадзеянні з Узброенымі сіламі протаіерэй Сергій Лабада.

 

У секцыі «Сацыяльнае служэнне ў хрысціянстве» выступілі з дакладамі: дырэктар Інстытута дэмаграфічнай бяспекі (Масква), сузаснавальнік Міжрэгіянальнага фонду сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі сям'і і дзіцяці, сустаршыня Міжнароднага таварыства артпедагогаў і арттэрапеўтаў, член Саюза пісьменнікаў Расіі Ірына Якаўлеўна Мядзведзева і магістр сацыяльных навук Манчэстэрскага ўніверсітэта, псіхолаг-кансультант Цэнтра сям'і і мацярынства «Матуля» (Мінск) Кацярына Мікалаеўна Шавялёва.

 

У секцыі «Праваслаўная Царква і культурна-гістарычная спадчына Беларусі» выступілі: спецыяліст камісіі па кананізацыі святых на тэрыторыі Бабруйскай епархіі Людміла Яўгенаўна Логінава і кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святлана Уладзіміраўна Сілава.

 

Секцыйныя даклады апярэдзіла відэапрэзентацыя работы камісіі па кананізацыі святых на тэрыторыі Бабруйскай епархіі.

 

Па заканчэнні працы секцый адбылося ўрачыстае закрыццё III рэгіянальных адукацыйных Калядных чытанняў, на якім былі падведзены вынікі працы ў секцыях, а таксама адбылося ўзнагароджанне педагогаў за працу на ніве духоўна-маральнага выхавання моладзі.

 

Завяршыў чытанні канцэрт з удзелам творчых калектываў горада.

 

На выніковым пасяджэнні ў якасці ганаровага госця прысутнічаў старшыня Бабруйскага выканаўчага камітэта Аляксандр Віктаравіч Студнеў.

 

У чытаннях прынялі ўдзел больш за 450 чалавек, у тым ліку: работнікі адукацыі, прадстаўнікі кіраўніцтва вайсковых частак, размешчаных на тэрыторыі Бабруйскай епархіі, супрацоўнікі папраўчых устаноў горада, прадстаўнікі сацыяльных аддзелаў прыходаў епархіі, кіраўнікі і работнікі сацыяльных, медыцынскіх устаноў, спецыялісты аховы здароўя (лекары-акушэры-гінеколагі, лекары-валеолагі, псіхолагі, псіхатэрапеўты), сацыяльныя педагогі, сацыяльныя работнікі, лідары валанцёрскага руху, прадстаўнікі моладзевых аддзелаў прыходаў епархіі, журналісты.

 

Чытанні былі праведзены Бабруйскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, пры ўдзеле Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Бабруйская епархія / Church.by