Пачаў работу ІІІ Міжнародны мастацкі пленэр «Святасць зямлі Беларускай»

06 чэрвеня 2018

top.jpg

30 мая 2018 года ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна па благаславенню епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла адбылося ўрачыстае адкрыццё ІІІ Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай», прысвечанага памяці блажэннай Валянціны Мінскай і Году малой радзімы ў Беларусі.

Малебен перад пачаткам добрай справы ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Станькава ўзначаліў епіскап Павел. Пасля заканчэння набажэнства Яго Праасвяшчэнства звярнуўся да ўдзельнікаў пленэру з архіпастырскім словам і благаславіў іх на паспяховую працу.

Затым майстры пэндзля наведалі месца спачыну святой блажэннай Валянціны Мінскай, дзе прасілі дапамогі і малітоўнага заступніцтва святой.

Асноўная праграма пленэра пачалася 31 мая з правядзення круглага стала «Царква і культура» з удзелам творчых суполак; выкладчыка кафедры царкоўнай гісторыі МінДС, члена рэдкалегіі духоўна-маральнай газеты «Воскресение» іерэя Аляксія Хацеева; доктара мастацтвазнаўства, прафесара кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ларысы Густавай.

Таксама мастакі наведалі ДУ «Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця».

Завершыцца работа пленэру 9 чэрвеня ў Палацы культуры Маладзечна.

Маладзечанская епархія / Church.by