Моладзеваму брацтву Мар'інагорскай іконы Божай Маці — 2 гады

13 сакавіка 2017

top.jpg

4 сакавіка 2017 года брацтва кафедральнага сабора святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага горада Мар'іна Горка сустрэла свой дзень нараджэння. Рашэнне аб стварэнні брацтва было прынята ў Нядзелю Перамогі Праваслаўя ў 2015 годзе, два гады таму.

Настаяцель сабора протаіерэй Аляксандр Цалкоў ў гэты дзень узначаліў падзячны малебен, падзякаваў ўсім удзельнікам брацтва і павіншаваў з падвойным святам. Кожны братчык атрымаў памятны падарунак ад настаяцеля — правіла да Святога Прычашчэння.

Трэба сказаць, што колькасць дзяцей у брацтве павялічваецца, і гэта не можа не радаваць. Чым больш братчыкаў, тым больш добрых і богаўгодных спраў брацтва можа здзейсніць, — адзначылі ў прыходзе кафедральнага сабора.

Па благаславенні епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага Веніяміна моладзевае брацтва называецца ў гонар іконы Божай Маці Мар'інагорскай, таму што гэты цудатворны абраз з'яўляецца галоўнай святыняй сабора.

Сход брацтва праходзіць кожную суботу ў 20:00 у ніжнім храме. Гэта і дружная кампанія сяброў, якія з нецярпеннем чакаюць сустрэчы ў суботні вечар, і багаслоўскі гурток, і творчая майстэрня, дзе зараджаюцца і ўвасабляюцца ідэі мерапрыемстваў.

Далучыцца да нас ніколі не позна! Чакаем маладых і вельмі маладых людзей кожную суботу ў нашым брацтве! — запрашаюць братчыкі.

Барысаўская епархія / Church.by