Мітрапаліт Павел выказаў спачуванне ў сувязі са смерцю прафесара МДА Мікалая Канстанцінавіча Гаўрушына

14 жніўня 2019

top.jpg

13 жніўня 2019 года адышоў да Госпада прафесар Маскоўскай духоўнай акадэміі Мікалай Канстанцінавіч Гаўрушын. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, выказаў спачуванне рэктару МДА архіепіскапу Вярэйскаму Амвросію, родным і блізкім спачылага навукоўца.

У тэксце спачування, у прыватнасці, гаворыцца:

«З пачуццём смутку даведаўся пра смерць прафесара Мікалая Канстанцінавіча Гаўрушына — таленавітага выкладчыка, выдатнага вучонага і руплівага царкоўнага працаўніка, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё багаслоўскай навукі ў Рускай Праваслаўнай Царкве.

Немалую частку свайго жыцця Мікалай Канстанцінавіч прысвяціў плённаму суработніцтву з Мінскай духоўнай акадэміяй, дзе выкладаў з 1997 года. З'яўляючыся прызнаным у цывільным свеце навуковым дзеячам, прафесар Гаўрушын у той жа час заўсёды заставаўся шчыра веруючым праваслаўным хрысціянінам і верным сынам Царквы, што шукаў Царства Божага і праўды Яго (гл. Мф. 6:33).

Гасподзь Уседзяржыцель, Валадар жыцця і смерці, няхай упакоіць душу новаспачылага раба Свайго Мікалая ў сяленнях праведных! Вечная памяць Мікалаю Канстанцінавічу Гаўрушыну!»

* * *

Даведка прэс-службы МДА:

Мікалай Гаўрушын нарадзіўся ў сям'і кінасцэнарыста Канстанціна Лаўрэнцьевіча Гаўрушына.

У 1970 годзе скончыў філалагічны факультэт МДУ.

З 1971 года працаваў у Інстытуце гісторыі прыродазнаўства і тэхнікі, з 1997 года — старшы навуковы супрацоўнік.

У 1973 годзе абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата філасофскіх навук «Мастацкая творчасць і развіццё навукі (станаўленне ідэі асваення космасу)». Кіраваў праблемнай групай па вывучэнню помнікаў навукі і тэхнікі. Член Аргкамітэта Чытанняў К. Э. Цыялкоўскага (1975-1980). У 1977/1978 і 1978/1979 чытаў курсы эстэтыкі і гісторыі эстэтычных вучэнняў на дзённым і вячэрнім аддзяленні гістарычнага факультэта МДУ.

З 1980 года супрацоўнічае з Выдавецкім аддзелам Маскоўскага Патрыярхату. У сярэдзіне 1980-х чытаў курсы лекцый па гісторыі рускай рэлігійнай думкі ў Доме навукоўцаў у Протвіне, у ГАХІ імя В. І. Сурыкава.

З 1987 года — выкладчык філасофіі Маскоўскай духоўнай акадэміі і семінарыі, з 1997 — дацэнт, з 2002 года — прафесар. З 1997 выкладаў таксама ў Мінскай духоўнай акадэміі.

У 1981-1992 — рэдактар штогодніка «Помнікі навукі і тэхнікі».

У 1997-2000 — галоўны рэдактар «Багаслоўскага весніка», які выдаецца МДА. Рэдактар серыі анталогій «Скарбніца рускай рэлігійна-філасофскай думкі». Аўтар больш чым ста друкаваных прац па гісторыі навукі і філасофіі.

Асноўныя працы прысвечаны гісторыі касмалагічных ідэй і гісторыі рускага касмізму, рэлігійнай антрапалогіі і эстэтыцы, гісторыі логікі на Русі ў XI—XVIII стст. Выявіў і вывучыў больш за 150 рукапісаў «Дыялектыкі» XI—XVII стст., увёў у навуковы абарот антрапалагічны трактат XVII стагоддзя, «Сказанне аб дрэве Парфірыя» А. М. Курбскага, шэраг прац К. Э. Цыялкоўскага. У 1985 апублікаваў доказы сапраўднасці Шчукінскага рукапісу «Слова пра паход Ігараў».

Church.by