Экспазіцыя музея Мінскай духоўнай семінарыі папоўнілася каштоўным экспанатам

15 снежня 2017

1.jpg

У снежні 2017 года збор царкоўна-археалагічнага музея Мінскай духоўнай семінарыі ўзбагаціўся новым набыткам. З бібліятэкі Жыровіцкага Успенскага манастыра ў музей была перададзена Біблія, падораная ў 1960 годзе іерадыякану Парфенію (Хвасту) з нагоды заканчэння семінарыі.

На фарзацы Бібліі маецца дароўны надпіс з аўтографам архімандрыта Антонія (Мельнікава), які ў 1956-1963 гады з'яўляўся рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі і намеснікам Жыровіцкага Успенскага манастыра. Пасля, у 1965-1978 гады, былы рэктар семінарыі ў сане мітрапаліта Мінскага і Беларускага ўзначаліць царкоўнае жыццё на беларускіх землях. У 1978-1986 гады мітрапаліт Антоній (Мельнікаў) будзе главой Ленінградскай епархіі.

Таксама на фарзацы Бібліі маюцца аўтографы інспектара (прарэктара па выхаваўчай працы) семінарыі А. Я. Яблонскага, сакратара праўлення семінарыі Я. В. Валатоўскага, выкладчыкаў протаіерэя Барыса Шышко, протаіерэя Васіля Валатоўскага, протаіерэя Іаана Крышпіновіча, ігумена Максіма (Крохі), свяшчэнніка Леаніда Філосафава, М. П. Кіпрыянскага, В. В. Радугіна, М. П. Свірыдава і А. С. Сахненкі.

Засведчвае подпісы пячатка Мінскай духоўнай семінарыі перыяду яе першага адраджэння (1947-1963 гады).

У цяперашні час Біблія экспануецца ў першай зале царкоўна-археалагічнага музея, прысвечанай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі.

Царкоўна-археалагічны музей Мінскай духоўнай семінарыі быў адкрыты ў 2014 годзе па ініцыятыве рэктара архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя. Кіраўнік музея — прарэктар па навуковай рабоце дацэнт А. В. Слесараў.

МінДС / Church.by