Дабрачынная акцыя «Велікодны куліч» адбылася ў Полацку

02 мая 2019

top.jpg

28 красавіка, у дзень Светлага Хрыстовага Уваскрасення, па благаславенню архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія ў Богаяўленскім кафедральным саборы Полацка адбылася дабрачынная акцыя «Велікодны куліч». У храм прыйшлі прадстаўнікі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў».

Святочны малебен адслужыў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: сакратар Полацкай епархіі пратаіерэй Аляксандр Пятліцкі, іерэй Марк Пуляк і протадыякан Андрэй Скабей. На Велікодным набажэнстве таксама прысутнічаў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Мяфодзьевіч Пяткевіч.

Уладыка Феадосій павіншаваў багамольцаў са Светлым Уваскрасеннем Хрыстовым і прамовіў пропаведзь, прысвечаную пасхальнай радасці.

Трэці год Полацкая епархія арганізуе акцыю «Велікодны куліч». Людзям з абмежаванымі магчымасцямі архіепіскап Феадосій і клірыкі Богаяўленскага сабора ўручылі кулічы і пафарбаваныя яйкі. У гэтым годзе было раздадзена 150 кулічоў і 300 яек.

Старшыня Полацкай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Надзея Мацвееўна Юзэфовіч у знак падзякі ад сяброў арганізацыі ўручыла падарункі, зробленыя рукамі асаблівых людзей, архіепіскапу Феадосію і іерэю Марку Пуляку.

Полацкая епархія / Church.by