Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый прыняў удзел ва ўзнагароджанні лепшых міліцэйскіх сем'яў Беларусі
18 кастрычніка 2017У ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск» адбыўся фінал рэспубліканскай акцыі МУС Рэспублікі Беларусь «Сям'я! Служым разам!», прымеркаванай да Дня маці.
Акцыя праводзіцца ў Беларусі ў дзесяты раз. У ёй прымаюць удзел як сем'і, у якіх у міліцыі служыць мужа або жонка, так і сямействы, у якіх службу ў органах унутраных спраў нясуць і муж і жонка. У кожнай вобласці праходзяць адборы, у ходзе якіх для ўдзелу ў рэспубліканскім фінале выбіраюць самую моцную і дружную сям'ю. Акрамя кандыдатаў ад абласных УУС, у акцыі бяруць удзел прадстаўнікі ўнутраных войскаў МУС, Дэпартамента аховы МУС, Дэпартамента выканання пакаранняў і навучальных устаноў МУС. У гэтым годзе акцыі сталі фіналістамі 14 сем'яў.
Для ўзнагароджання пераможцаў на сцэну былі запрошаны: намеснік Міністра ўнутраных спраў па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні генерал-маёр міліцыі Аляксандр Кобрусеў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Іван Кубракоў і архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый.
Звяртаючыся да гледачоў і прэтэндатаў на ўзнагароды, уладыка Дзімітрый павіншаваў усіх са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Днём маці. Беларусь — адзіная краіна ў свеце, дзе гэтыя святы адзначаюцца ў адзін дзень. Архіпастыр падкрэсліў, што сям'я — гэта не толькі прыватная справа людзей, якія ўступаюць у шлюб, але і адна з формаў хрысціянскага служэння Богу і Айчыне: бо шлюб, які будуецца на Богам дадзенай любві паміж мужчынам і жанчынай, на ўзаемнай падтрымцы адзін аднаго, з'яўляецца асновай дабрабыту грамадства і дзяржавы.
— Гасподзь кажа: няма больш любві, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх. Госпада неабходна любіць усім сваім сэрцам, розумам і моцай, і бліжняга свайго гэтак жа. На грэх гневайцеся, а чалавека любіце, — такое настаўленне ад архіепіскапа Дзімітрыя пачулі прадстаўнікі органаў правапарадку.
Адбылося таксама ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу дзіцячага малюнка, які праходзіў у рамках акцыі. З работамі юных мастакоў можна было азнаёміцца на выставе, размешчанай у холе другога паверха канцэртнай залы.
У холе першага паверха ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск» была прадстаўлена экспазіцыя тэматычнай літаратуры па сямейна-бытавому і духоўна-маральнаму выхаванню, прадстаўленая Віцебскай епархіяй. Там жа ў пачатку мерапрыемства была размешчана пераносная званіца.
Мерапрыемства завяршылася канцэртнай праграмай.