Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі саслужыў Блажэннейшаму Патрыярху Іерусаліма і ўсёй Палесціны Феофілу за Літургіяй у Троіцкім саборы Рускай духоўнай місіі
23 кастрычніка 2017Раніцай 22 кастрычніка 2017 года ў Троіцкім саборы Рускай духоўнай місіі была праведзена ўрачыстая Бажэственная літургія, якую ўзначаліў Патрыярх Святога Горада Іерусаліма і ўсёй Палесціны Феофіл III.
Яго Блажэнству саслужылі члены дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы і іерархі Іерусалімскага Патрыярхату: мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій; Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел; мітрапаліт Яраслаўскі і Растоўскі Панцеляіман; мітрапаліт Еленопальскі Іакім (Іерусалімскі Патрыярхат); генеральны сакратар Іерусалімскай Патрыярхіі архіепіскап Канстанцінскі Арыстарх; архіепіскап Берлінскі і Германскі Марк (РПЦЗ); архіепіскап Суражскі Елісей; вікарый Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі епіскап Падольскі Ціхан; кіраўнік Упраўлення Маскоўскай Патрыярхіі па замежных установах епіскап Звенігарадскі Антоній; начальнік Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме архімандрыт Аляксандр (Ялісаў); начальнік сектара пратаколу АЗЦС ігумен Феафан (Лук'янаў); клірыкі Місіі і шматлікае духавенства.
Па заканчэнні богаслужэння Іерусалімскі Патрыярх Феофіл прамовіў прывітальнае слова:
— Кажучы словамі Свяшчэннага Пісання, мы павінны прымаць братоў, якія прыходзяць у Мітраполію ўсіх Цэркваў, г. зн. у Іерусалімскую Царкву, каб «стаць супрацо́ўнікамі ісціне» (3 Ін. 1:8). Ваша Высокапраподобіе архімандрыт Аляксандр, начальнік Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме, Высокопраасвяшчэнныя браты ў Хрысце і саслужыцелі ў архіерэйскім сане, свяшчэннкі і дыяканы адзінаслаўнай і брацкай Царквы ў Расіі, прадстаўнікі ўлюбёнага нашага брата Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла! «Як добра і як прыемна жыць разам з братамі!» (Пс. 132: 1), а найперш у скініях Іакава, «бо там наказаў Гасподзь благаславенне і жыццё навечна» (Пс. 132: 3). Сапраўды, гэта абяцанае Госпадам благаславенне атрымлівае Іерусалімская Царква з усёй яе Хрыстаіменнай паўнатой і, у першую чаргу, Святагробскае брацтва, якое з'яўляецца слугою і захавальнікам Святых Месцаў — гэтых неабвержных сведчанняў спасіцельнай пропаведзі Евангелля Госпада нашага Іісуса Хрыста, як і Яго Крыжовых Пакут і Уваскрасення. Удзельнікамі гэтага благаславення становяцца і брацкія нашы адзінаслаўныя Цэрквы падчас паломніцкіх візітаў як іх Праасвяшчэнных архіпастыраў, так і набожных паломнікаў, якія прыязджаюць сюды з усіх канцоў свету. Іерусалімская Царква, прызнаючы маральную і матэрыяльную падтрымку, якая была ёй аказана ў вельмі няпростыя перыяды яе гістарычнага быцця ў справе абароны Святых Месцаў, ніколі не пераставала малітоўна памінаць у сваіх сінодзіках ўкладчыкаў і дарыльшчыкаў з зямель Рускай Царквы.
Саюз братэрскай любві ў Хрысце паміж Рускай і Іерусалімскай Цэрквамі заснаваны на вучэнні апостала Паўла: «Насіце цяжа́ры адзін аднаго, і гэтак вы́канаеце закон Хрыстоў» (Гал. 6: 2). А закон Хрыстоў ёсць не што іншае, як Яго любоў: «За́паведзь новую даю́ вам: каб вы любíлі адзін аднаго́», — кажа Гасподзь (Ін. 13: 34).
Гэты закон, закон Хрыстовай любві, мы выяўляем сёння ў гэтай ўрачыстай Патрыяршай Бажэственнай літургіі з удзелам саслужачых нам архіерэяў і клірыкаў, якія былі ў свой час начальнікамі Духоўнай місіі Маскоўскай Патрыярхіі ў Іерусаліме, у гэтым святым храме, які носіць імя Святой Тройцы, у азнаменаванне святкавання 170-га юбілею з часу заснавання Місіі.
Кожны раз, калі адбываецца ўхіленне ад гэтага Хрыстовага закона або яго скажэнне, зацверджаная Усяленскімі Саборамі і святымі канонамі ў Духу Святым свяшчэнная хартыя духоўных правоў і юрысдыкцый Цэркваў разрываецца, у выніку чаго нараджаюцца расколы, якія парушаюць адзінства цела Адзінай Святой Саборнай і Апостальскай Царквы. «...вы — цела Хрыстова, а паасобку — члены», – абвяшчае набожны Павел (1 Кар. 12: 27).
Іерусалімская Царква, вынікаючы з закону Хрыста і апостальскага падання, знаходзіцца непахісна вернай сваёй місіі, якая заключаецца ў сведчанні аб Крыжовых пакутах і Уваскрасенні Госпада нашага Іісуса Хрыста ў святым горадзе Іерусаліме, на месцы, дзе высокая слава велічы Яго (Пс. 144: 5) і «які ёсць карона красы» (Пс. 49: 2). Хараство і прыгажосць Адзінай Святой Саборнай і Апостальскай Царквы, «якая ад канца і да канца свету», якую ахвярна і самааддана прадстаўляе ў яе кананічных межах, а не «пры чужым удзеле», — па слове св. Паўла (2 Кар. 10: 16), сапраўды мучаніцкая Іерусалімская Царква.
Сённяшняе ўрачыстае святкаванне юбілею Рускай духоўнай місіі, якая спачатку была гасцінна размешчана ў Архангельскім манастыры нашай Патрыярхіі, падахвочвае нас «глядзець на завяршэнне ... жыццёвага шляху» (Яўр. 13: 7), г. зн. на вынікі яе мінулай дзейнасці, як і аказаны ёю ўплыў на Блізкі Усход ў цэлым і на Святую Зямлю ў прыватнасці. Акрамя таго, мы пакліканы ў духу братэрскай Хрыстовай любві і клопату каардынаваць яе будучую дзейнасць, у мэтах выканання словаў апостала Паўла: Мы «ведаем, што тым, хто лю́біць Бога, хто паклíканы паводле Яго прадустанаўле́ння, усё садзе́йнічае на дабро» (Рым. 8:28).
Гэта неабходна, з аднаго боку, каб пазбегнуць паўтарэння памылак мінулага і, з другога, для больш дасканалага служэння поўным глыбокай пашаны пілігрымам і пабожнаму астатку хрысціян, якія пражываюць на Святой Зямлі і наогул на Блізкім Усходзе і падвяргаюцца цяпер ганенням. Мы гаворым гэта таму, што святая Іерусалімская Царква, заснаваная на адкупіцельнай крыві Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, з'яўляючыся сведкай Яго слаўнага Уваскрасення, усімі прызнаецца як верны і непахісны сведка Усяленскага Праваслаўя і гарант хрысціянскай прысутнасці на Святой Зямлі.
У заключэнне ж давайце паслухаем настаўленне Першавярхоўнага апостала Пятра: «Таму, браты́, яшчэ больш стара́йцеся, каб ваша паклíканне і абра́нне стала трыва́лым; робячы так, вы ніколі не спатыкняце́ся, бо так адкры́ецца вам свабо́дны ўваход у ве́чнае Царства Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста» (2 Пятр. 1: 10-11).
Затым Яго Блажэнства ўручыў архімандрыту Аляксандру (Ялісаву) маціцовую ікону Тайнай Вячэры, вырабленую хрысціянамі Віфлеема, а мітрапаліту Ювеналію — дакладную копію крыжа, укладзенага грэчаскім архітэктарам Мікалаем Камнінам ў Кувуклію Гроба Гасподняга пры пачатку яе рэстаўрацыі ў 1809 годзе.
Са словам у адказ выступіў мітрапаліт Ювеналій:
— Мы дзякуем Вам, Ваша Блажэнства, за гэтую выдатную, напоўненую грэчаскімі і рускімі традыцыямі, службу, і за Вашу бацькоўскую любоў, з якой Вы сустракаеце ў Іерусаліме ад імя Маці ўсіх Цэркваў — Іерусалімскай Царквы, прадстаўнікоў Свяцейшага Патрыярха Кірыла і Рускай Праваслаўнай Царквы.
Мне хочацца ў першую чаргу перадаць Вам гарачае братэрскае прывітанне Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы Патрыярха Кірыла, які прасіў выказаць яго глыбокую падзяку за тыя повязі любові і братэрства, якія звязваюць дзве нашы Праваслаўныя Царквы!
170 гадоў звязваюць нас непасрэдным брацкімі духоўнымі вузамі на Святой Зямлі праз Рускую духоўную місію ў Іерусаліме. Дзякуй Вам за станоўчую ацэнку гістарычных ўзаемаадносін нашай Місіі са святой Іерусалімскай Царквой!
Мы сёння за Бажэственнай літургіяй малітоўна ўспаміналі прадстаяцеляў Іерусалімскай Царквы, якія з любоўю, бацькоўскай увагай на працягу ўсіх гэтых доўгіх гадоў ставіліся да прадстаўнікоў нашай Рускай духоўнай місіі.
У наш час, калі Царква адчувае многія ўзрушэнні з боку вонкавага свету, мы даражым вузамі братэрства і сяброўства са святой Іерусалімскай Царквой і ўзмацняемся Вашымі малітвамі ля Святога і Жываноснага Гроба Гасподняга.
Я маю патрэбу сэрца горача і сардэчна падзякаваць Вашаму Блажэнству і ўсім архіпастырам Святагробскага брацтва за вашу любоў да нашай Рускай духоўнай місіі і бацькоўскую апеку і клопат пра яе.
Вы, Ваша Блажэнства, згадалі аб гістарычным паломніцтве, якое верныя дзеці Рускай Праваслаўнай Царквы здзяйсняюць стагоддзямі ў Святы горад Іерусалім для глыбокага ўшанавання Гроба Гасподняга і святых месцаў.
У наш час цяга паломнікаў да святых месцаў нават павялічылася, я ўпэўнены, што як толькі дзеці нашай Царквы даведаюцца аб Вашай любві і бацькоўскай прыхільнасці, тысячы і тысячы людзей прыбудуць у Іерусалім, каб прыняць Ваша Першасвяціцельскае благаславенне.
Ад імя начальніка Рускай духоўнай місіі, ад братоў-архіпастыраў, якія па благаславенню Свяцейшага Патрыярха Кірыла знаходзяцца тут, і ад усіх верных дзяцей Рускай Праваслаўнай Царквы і набожных паломнікаў, якія напоўнілі сёння гэты гістарычны Троіцкі сабор, мы выказваем Вам сыноўнюю гарачую падзяку і просім Вашых святых малітваў.
Дзякуй Вам за Вашы бацькоўскія шчодрыя дары, якія Вы далі нам пасля Бажэственнай літургіі, і мы просім Вас прыняць гэтыя святыя панагіі і крыж, вырабленыя ў сувязі з 170-годдзем нашай Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме. І калі Вы будзеце ўскладаць іх на свае грудзі, памінайце ў малітвах нашага Свяцейшага Патрыярха, архіпастыраў, пастыраў, усіх верных дзяцей Рускай Праваслаўнай Царквы і нашу Богам ахаваную дзяржаву Расійскую.
Ваша Блажэнства, мы дазволім сабе ўручыць Вам «Пасведчанне ўдзельніка урачыстасцяў з нагоды 170-годдзя нашай Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме» і просім Вашых малітваў ля Гроба Гасподняга, і падайце нам яшчэ і яшчэ сваё Першасвяціцельскае благаславенне!
Далей дэлегацыя іерархаў Рускай Праваслаўнай Царквы ў суправаджэнні Іерусалімскага Патрыярха Феофіла і ўсяго сходу духавенства накіравалася хрэсным ходам у Сергіеўскае падвор'е Рускай духоўнай місіі, дзе іх чакала знаёмства з выставаю «Руская прысутнасць у Святой Зямлі».
Затым у трапезнай зале Сергіеўскага падвор'я для высокіх гасцей быў зладжаны абед.
Слова ўзяў Патрыярх Феофіл:
— Хрыстос пасярод нас!
Сёння мы сабраліся разам, каб падзякаваць Усемагутнаму Богу за 170 гадоў вернага служэння і сведчання Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме.
Асноўная мэта Місіі, заснаванай у 1847 годзе, на працягу пакаленняў заключалася ў падтрымцы многіх тысяч пілігрымаў, якія прыходзілі і прыходзяць у Святую Зямлю з Рускай Царквы. Мноства цяжкасцяў было як на Святой Зямлі, так і на вашай Радзіме, і ўсё ж вы перажылі. У прыватнасці, мы адзначаем сёння нядаўняе адкрыццё Сергіеўскага падвор'я Рускай місіі. Гэтая Бажэственная літургія, якую мы толькі што здзейснілі разам, з'яўляецца вялікім і бачным знакам адзінства Святой Праваслаўнай Царквы.
Еўхарыстыя — гэта выражэнне нашага адзінства ў апостальскай веры, але наша злучэнне ў агульнай Чашы яшчэ глыбей. Як святы Павел кажа аб Целе Хрыстовым, «калі пакутуе адзін член, то з ім пакутуюць усе члены; і калі славіцца адзін член, то з ім радуюцца ўсе члены» (1 Кар 12: 26). Разам мы падзяляем пакуты адзін аднаго, а таксама радасці адзін аднаго.
Мы ў Іерусалімскай Царкве, якая з'яўляецца Маці ўсіх Цэркваў, заўсёды спачуваем пакутам Рускай Царквы, і мы асабліва смуткуем у нашы дні аб тым балючым расколе, які існуе на Украіне, і мы ведаем, што вас турбуе лёс Іерусалімскай Царквы і хрысціянскіх супольнасцяў Святой Зямлі, асабліва ў гэты час, калі Царква ў гэтым рэгіёне сутыкаецца з новымі цяжкасцямі і праблемамі.
Такім чынам, наша адзінства ў гэтай Бажэственнай літургіі знаходзіць сваё глыбокае выражэнне ў нашым ўзаемным служэнні людзям, нашым клопаце аб агульным.
Мы хацелі б выказаць нашу глыбокую падзяку Свяцейшаму Патрыярху Кірылу, чыя архіпастырская ўвага да Іерусалімскай Царквы добра вядомая.
Мы таксама хацелі б скарыстацца гэтай магчымасцю, каб падзякаваць Яго Правасхадзіцельству Прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Уладзіміру Пуціну, якога мы высока цэнім як абаронцу Праваслаўя і сусветнага лідара, які асабліва клапоціцца аб спакоі і прымірэнні на Блізкім Усходзе ў цэлым і ў Святым горадзе Іерусаліме ў прыватнасці.
Наша ўзаемная падтрымка і клопат — гэта тое, што ўсе чакаюць ад духоўных лідараў у нашы дні. Наша Святая Праваслаўная Царква з'яўляецца сведкам, які гарантуе ідэнтычнасць і жыццяздольнасць нашых праваслаўных народаў і грамадстваў.
Няхай гэты юбілей Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме ўмацуе наша адзінства, каб мы маглі прыкладаць усе намаганні для дабрабыту Царквы — нашага агульнага дома, і нашай любімай Святой Зямлі.
Няхай Бог благаславіць усіх вас!
Увечары таго ж дня ў канцэртнай зале гасцінічнага комплексу «Нотр-Дам» адбыўся святочны вечар, на якім прысутнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў Іерусаліма: прадстаўнік Іерусалімскай Патрыярхіі мітрапаліт Еленопальскі Іакім, Апостальскі Адміністратар Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма арцыбіскуп П'ербаціста Піцабала, вікарый Кустодыі Святой Зямлі айцец Дабромір Яшталь і іншыя.
У афіцыйнай частцы праграмы прагучалі прамовы начальніка Місіі архімандрыта Аляксандра (Ялісава), прадстаўніка Іерусалімскай Патрыярхіі мітрапаліта Еленопальскага Іакіма, які зачытаў пасланне Патрыярха Феофіла III, і кіраўніка дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Круціцкага і Каломенскага Ювеналія.
Архімандрыт Аляксандр (Ялісаў) сказаў:
— Ваша Блажэнства, Вашы Высокапраасвяшчэнствы, Вашы Праасвяшчэнствы,
Вашы Правасхадзіцельствы, пачэсныя айцы, браты і сёстры!
У гэтыя благаславёныя дні ў духоўнай сталіцы свету, у горадзе, які адзіным з усіх гарадоў Зямлі названы Святым, мы сабраліся, каб адзначыць 170-годдзе заснавання афіцыйнага прадстаўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы на праваслаўным Усходзе — Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме.
У самым пачатку свайго існавання Руская Духоўная Місія ў Іерусаліме закліканая была стаць пасольствам Рускай Праваслаўнай Царквы пры Маці ўсіх Цэркваў — Іерусалімскай Царквы, яна павінна была выконваць велічэзную місіянерскую працу, аказваючы дапамогу незлічоным рускім пілігрымам, якія жадаюць наведаць Святы Горад Іерусалім і святыя месцы Блізкага Усходу, у іх нялёгкім падарожжы па чужой і нязвыклай краіне, нарэшце, яна заўсёды была сведчаннем добрай волі Расіі, якая імкнецца падтрымаць мір у гэтым няпростым рэгіёне.
Мы з удзячнасцю ўспамінаем сёння ўсіх тых міран і святароў, хто ў былыя гады нёс свой няпросты послух на гэтым фарпосце Рускай Праваслаўнай Царквы, тых, хто аддаваў свае жыццёвыя сілы на абарону святых месцаў, тых, хто ўзводзіў тут хрысціянскія храмы і будаваў паломніцкія дамы, тых, хто памножыў і набыў для Расіі, а разам з Расіяй — для ўсяго хрысціянскага свету тыя незлічоныя скарбы Святой Зямлі, якія цяпер з'яўляюцца нашым агульным і недатыкальным здабыткам.
Адным з першых у спісе выдатных рускіх людзей, які па-падвіжніцку рупіўся тут для ўмацавання Праваслаўя, стаіць імя незабыўнага працаўніка Святой Зямлі, начальніка Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме архімандрыта Антаніна (Капусціна), чыё 200-годдзе з дня нараджэння мы адзначаем у гэтым годзе.
Гэта быў чалавек самых рознабаковых здольнасцяў і талентаў: адораны святар і захоплены прыродазнаўствам вучоны, дапытлівы даследчык старажытных манускрыптаў і тонкі палітык, які выдатна арыентаваўся ў тагачаснасці, чалавек прадбачлівых поглядаў і, несумненна, яшчэ не да канца ацэнены дзеяч Царквы, які і стварыў тую дзіўную з'яву, якую мы цяпер называем «Рускай Палесцінай» — сузор'е святых месцаў, якія з'яўляюцца цяпер рускім і сусветным здабыткам.
У гэтым сузор'і святых месцаў і заключаецца духоўнае і культурнае багацце рускага народа — народа, які заўсёды меў ласку да Святой Зямлі і багата ахвяраваў на святыя храмы, душою імкнуўся ўбачыць і прыпасці да тых вытокаў хрысціянства, якія да гэтага часу жывыя і поўныя энергіі ў старажытным Іерусаліме.
Гэтыя святыя месцы жывяць маральныя пачуцці народа і яго адказнасць перад усім хрысціянскім светам за Святую Зямлю, якая даўно ўжо зраслася з гістарычнай адказнасцю рускага народа, стала адказнасцю нашых сучаснікаў перад нашымі мужнымі папярэднікамі, стала міратворчай місіяй рускага чалавека.
На працягу многіх гадоў пасля распаду Расійскай імперыі рускія святары, манахі, міране, бачачы тое запусценне, у якое прыходзяць прыналежныя некалі Расіі святыя месцы Палесціны, жылі з болем у сэрцы і надзеяй. З болем за тое грэбаванне да скарбаў роднага здабытку ў Святой Зямлі, якое было ў гады рускага ліхалецця, але і з надзеяй на вяртанне рускага народа да яго духоўных вытокаў.
Ласкай Божай, сёння гэта адраджэнне здзяйсняецца на нашых вачах, і як шмат дзесяцігоддзяў таму сёння ізноў ля Гроба Гасподняга на пасхальнай літургіі чуецца рускае «Хрыстос уваскрэс!», у Віфлееме нашы суайчыннікі радуюцца Нараджэнню Спасіцеля свету, на Іардане адчуваюць яўленне Праствятой Тройцы і на Фаворы шукаюць асабістага перамянення.
Духоўнае адраджэнне нашага народа ўвасабляецца ў адраджэнні участкаў Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме, і мы дзякуем Богу за тое, што маем магчымасць працягваць справу нашых папярэднікаў, захоўваючы і прымнажаючы родную спадчыну ў Святой Зямлі.
З года ў год расце колькасць паломнікаў Рускай Праваслаўнай Царквы, якія дзякуючы Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме наведваюць Святую Зямлю, імкнучыся да духоўнага ўдасканалення і ўмацавання ў веры. Мы рады садзейнічаць іх духоўным і матэрыяльным патрэбам і бачым у гэтым адну са сваіх галоўных задач.
На працягу больш чым 2000 гадоў вялікія святыні хрысціянства знаходзяцца пад апекай Маці ўсіх Цэркваў — Іерусалімскай Царквы. У гэтым праяўляецца асаблівы Промысл Божы, і мы дзякуем Богу за тое, што пад амафорам Іерусалімскага Патрыярха Феофіла і ўсёй Іерусалімскай Царквы і мы ўносім пасільны ўклад у сведчанне Праваслаўя на Блізкім Усходзе.
Мы верым і спадзяемся, што гэта малітоўнае прадстаянне рускіх людзей ля святыняў Іерусаліма наблізіць ўзыходжанне міру ў Святым Горадзе і ва ўсёй Святой Зямлі.
Прадстаўнік Іерусалімскай Патрыярхіі мітрапаліт Еленопальскі Іакім зачытаў пасланне Патрыярха Феофіла:
— Ваша Высокапраасвяшчэнства, мітрапаліт Ювеналій, Вашы Высокапраасвяшчэнствы, дарагі архімандрыт Аляксандр, паважаныя члены ўрадавых устаноў і дыпламатычнага корпуса, Вашы Высокапрападобіі, пачэсныя айцы, браты і сёстры ў Госпадзе, дамы і спадары!
Дазвольце перадаць усяму высокаму сходу з нагоды 170-годдзя Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме нашы Патрыяршыя віншаванні. Асабліва сардэчна нам хацелася б вітаць ў Святым горадзе Вас, Ваша Высокапраасвяшчэнства, наш дарагі брат мітрапаліт Ювеналій. Вы ўжо даўно звязаны з Місіяй, і таму мы лічым Вас карэнным жыхаром Іерусаліма. Мы таксама вітаем мітрапалітаў, архіепіскапаў і епіскапаў, якія служылі Місіі ў мінулым і цяпер прызваныя на іншую высокую пасаду ў Царкве.
Мы высока цэнім Ваша служэнне, паважаны архімандрыт Аляксандр, цяперашні начальнік Місіі, і тых, хто выконвае з Вамі важную працу Місіі, асабліва ў гэтыя крытычныя часы, якая заключаецца ў служэнні тысячам паломнікаў Рускай Праваслаўнай Царквы, якія прыбываюць на Святую Зямлю кожны год.
У благаславёную гадавіну мы з удзячнасцю ўспамінаем усіх, хто ўнёс свой уклад у жыццё і працу Місіі на працягу дзесяцігоддзяў. Мы памятаем епіскапа Парфірыя, які адыграў важную ролю ў стварэнні Місіі, і архіепіскапа Кірыла, які аднавіў Місію ў 1858 годзе пасля Крымскай вайны і пад кіраўніцтвам якога Місія заснавала Рускае падвор'е. На працягу многіх гадоў Місія дапамагала рускім пілігрымам, падаючы для іх усё неабходнае, і, акрамя таго, узяла на сябе клопат аб святых месцах, сярод якіх асабліва вылучаецца Горненскі манастыр у Эйн-Карэме.
Самае галоўнае — Місія заўсёды ішла поруч з Іерусалімскай Царквой, усяляк дапамагаючы мясцовай Царкве ў Яе служэнні людзям і сведчачы аб Евангеллі міру і прымірэння.
Многія тысячы пілігрымаў, якія прыязджаюць сюды на працягу года, з'яўляюцца жывым сведчаннем таго, што Іерусалім служыць вялікай мэце — стаць самым важным духоўным цэнтрам у свеце. Наша місія, ускладзеная на нас Бажэственным Наканаваннем, — даць магчымасць людзям адчуць, што Іерусалім мае ўнікальны шматкультурны, поліэтнічны і шматканфесійны характар, які ахоплівае іўдаізм, хрысціянства і іслам, і што хрысціянская прысутнасць тут застаецца моцнай і жыццёва важнай. Без гэтага Іерусалім і Святая Зямля страцяць сваю сутнасць.
Залішне казаць, што Іерусалім, дзякуючы яго святасці і духоўнаму значэнню, з'яўляецца як бы гарантыяй хрысціянскай прысутнасці на Святой Зямлі і на Блізкім Усходзе. Вось чаму гэтае свята мае першараднае значэнне, паколькі яно паказвае ваш уклад разам з Праваслаўнымі Цэрквамі-сёстрамі ў падтрыманне гэтай хрысціянскай прысутнасці.
Кожны раз, калі іерархі Памесных Цэркваў збіраюцца ў Іерусаліме, мы <выказваем> наша адзінства ў Духу Іісуса Хрыста. Гэта адзінства і прысутнасць Усяленскай Праваслаўнай Царквы — вялікае благаславенне не толькі для Іерусалімскага Патрыярхату, але і для нашай карэннай хрысціянскай супольнасці, якая не адчувае сябе кінутай або забытай.
У гэтым сэнсе немагчыма пераацаніць неабходнасць нашага адзінства мэтаў. Наша вера ва ўваскрасенне нашага Госпада прымушае нас заўсёды выконваць нашу місію, каб мець у сваім розуме вобраз Іерусаліма як нябеснага і зямнога сімвала мірнага суіснавання і гармоніі. Мы зноў і зноў можам сказаць, што Іерусалімскі Патрыярхат застаўся цвёрдым у сваёй рэлігійнай, духоўнай і пастырскай місіі. Вось чаму Царква карыстаецца павагай усёй хрысціянскай супольнасці.
Мы віншуем вас з гэтым юбілеем вернага служэння і молімся Усемагутнаму Богу, каб Ён падаў вам благадаць для вашага жыцця і працы на Святой Зямлі ў наступныя гады.
Затым перад прысутнымі выступіў кіраўнік дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій:
— Ваша Блажэнства! Пачэсныя госці!
На нашым ўрачыстым пасяджэнні хачу выканаць даручэнне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла: перадаць яго гарачае прывітанне Блажэнейшаму Патрыярху Святога Горада Іерусаліма і ўсёй Палесціны Феофілу Трэцяму, а таксама прысутным тут высокім прадстаўнікам улад. Прашу вас прыняць і добрасардэчныя пажаданні ад усіх членаў нашай дэлегацыі, у склад якой уваходзяць былыя працаўнікі Рускай духоўнай місіі.
Мы цэнім магчымасць удзельнічаць у святкаваньні 170-годдзя Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме, якая гістарычна звязана са старажытнарускай традыцыяй шанавання Святой Зямлі. Нашы далёкія продкі, усім сэрцам прынялі ад роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра праваслаўную веру, заўсёды імкнуліся дакрануцца да тых благаславёных месцаў, дзе ступала нага Спасіцеля і Яго Прачыстай Маці, дзе дабравесцілі апосталы Хрыстовыя, дзе пачала сваё шэсце аж да краю зямлі Святая Царква. Многія тысячы рускіх паломнікаў са стагоддзя ў стагоддзе, пераадольваючы доўгі і складаны па тых часах шлях, накіроўваліся ў Палесціну, малітоўна ўспамінаючы падзеі старазапаветнай і евангельскай гісторыі.
У 1847 годзе імператарам Мікалаем I была заснавана Руская духоўная місія ў Іерусаліме. У яе задачы, якія не змяніліся да гэтага дня, уваходзіць падтрыманне брацкіх сувязяў з Іерусалімскай Царквой, усебаковае садзейнічанне рускім пілігрымам, а таксама малітва за Царкву Рускую і яе народ.
Для арганізацыі працы місіі сюды былі накіраваны выбітныя прадстаўнікі Рускай Праваслаўнай Царквы, сярод якіх перш за ўсе варта назваць незабыўных архімандрытаў Парфірыя (Успенскага) і Антаніна (Капусціна), чыё 200-годдзе з дня нараджэння спаўняецца ў гэтым годзе. Акрамя свайго асноўнага послуху па будаўніцтву храмаў і падвор'яў Місіі, яны з сапраўды падзвіжніцкай захопленасцю займаліся навуковымі пошукамі ў галіне даследавання святых месцаў і біблейскіх старажытнасцяў Блізкага Усходу. Імі быў зроблены неацэнны ўклад у сусветную навуку, які захоўвае сваё значэнне да гэтага дня.
Мы ў Расіі ў гэтым годзе асэнсоўваем трагічныя старонкі гісторыі Царквы, паколькі споўнілася сто гадоў з пачатку ганенняў на веру. Звязаныя з гэтым падзеі, а таксама розныя складаныя міжнародныя абставіны на працягу значнай часткі ХХ стагоддзя прыўносілі пэўныя складанасці і ў жыццё Рускай духоўнай місіі. Аднак дзейнасць яе працягвалася; з нязменнай дбайнасцю здзяйснялі свой подзвіг і сёстры святых абіцеляў. Тут я хачу падзяліцца сваімі ўспамінамі. У канцы 1950-х гадоў я быў навучэнцам духоўных школ і з вялікай цікавасцю слухаў аповеды свайго духоўнага айца, у той час начальніка Місіі, аўтара яе шырокай гісторыі, — архімандрыта (пасля мітрапаліта) Нікадзіма (Ротава) аб бацькоўскай падтрымцы і добразычлівым стаўленні, якімі ён карыстаўся з боку Блажэннейшага Патрыярха Венядзікта Першага.
У нашы дні, калі ў Расіі ва ўмовах рэлігійнай свабоды адраджаецца царкоўнае жыццё і народ вяртаецца да веры бацькоў, многія тысячы пілігрымаў зноў накіроўваюцца ў Святую Зямлю. І мы радуемся, што яны маюць магчымасць атрымліваць суцяшэнне і малітоўную радасць у тым ліку і ў тых храмах і манастырах, якія былі ўзведзены нашымі суайчыннікамі. Руская свечка на Елеоне, храм святой Марыі Магдаліны ў Гефсіманіі і Троіцкі сабор сталі неад'емнай часткай аблічча Святога Гораду Іерусаліма.
Вечная памяць тым, хто ад пачатку працаваў над ствараннем Рускай духоўнай місіі! Іх святыя працы благаславёныя, і някай упакоіць іх Гасподзь у селішчах праведнікаў!
Многая леты цяпер жывым дзеячам Місіі, тым, якія ўжо вярнуліся на Радзіму і тым, што зараз знаходзяцца ў Святой Зямлі! Супрацоўнікам місіі на чале з айцом Аляксандрам хачу пажадаць руплівасці і дапамогі Божай у іх дзейнасці, якія б ніколі не высільваліся!
Мы высока цэнім добразычлівае стаўленне ўладаў да нашай Місіі і расійскіх пілігрымаў. Няхай мір, дабрабыт і працвітанне спадарожнічаюць народам Святой Зямлі!
Зноў хачу ў думках звярнуцца да Яго Блажэнства, Блажэннейшага Патрыярха Феофіла з глыбокай падзякай за аказаную нам бацькоўскую гасціннасць і добразычлівы клопат аб Рускай духоўнай місіі.
У другой частцы ўрачыстага вечара дэманстраваўся 30-хвілінны дакументальны фільм «170 гадоў служэння ў Святой Зямлі», падрыхтаваны да юбілею прэс-службай Рускай духоўнай місіі.
У трэцяй частцы вечара адбыўся канцэрт хору сясцёр Горненскага жаночага манастыра ў Эйн-Карэме.
Затым на верандзе гасцінічнага комплексу «Нотр-Дам» для ўсіх гасцей вечара, якіх сабралася больш за 300 чалавек, быў зладжаны святочны прыём.