Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён: Выступаю супраць забароны паказу фільма «Мацільда», але ніяк не магу і не хачу станавіцца на бок тых, хто гэты фільм абараняе

16 верасня 2017

top.jpg

Старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён выступіў з каментарыем у сувязі з абвастрэннем грамадскай дыскусіі адносна фільма «Мацільда».

Сітуацыя, якая складваецца вакол фільма «Мацільда», на жаль, нагадвае тую, што разгарнулася некаторы час таму вакол скандальнага французскага штотыднёвіка «Шарлі Эбдо». Тады нас усіх спрабавалі паставіць перад дылемай: вы з «Шарлі» ці вы з тэрарыстамі, якія расстралялі супрацоўнікаў рэдакцыі? Цяпер нас спрабуюць паставіць перад выбарам: альбо ты падтрымліваеш «Мацільду», альбо ты з тымі, хто заклікае спальваць кінатэатры.

А як быць тым, хто не з тымі і не з другімі? Я, напрыклад, выступаю безумоўна і катэгарычна супраць любых заклікаў да гвалту, любых пагроз у адрас каго б там ні было, няхай гэта будзе рэжысёр, акцёры, пракатчыкі і г. д. Я таксама выступаю супраць забароны паказу фільма, супраць адраджэння цэнзуры па савецкім узоры. Але ў той жа час ніяк не магу і не хачу станавіцца на бок тых, хто гэты фільм абараняе.

У адрозненне ад большасці ўдзельнікаў палемікі, я гэты фільм паглядзеў. Бо цяпер кажуць: не глядзелі, дык маўчыце, чакайце, пакуль фільм выйдзе ў пракат. І абвінавачваюць тых, хто выказваецца супраць фільма на падставе трэйлера, у тым, што яны крытыкуюць, не паглядзеўшы. Я сваё меркаванне пра фільм выказаў не на падставе трэйлера, а на падставе прагляду яго ў поўнай версіі. Маё меркаванне пакрыўдзіла рэжысёра, які запрасіў мяне на перадпрагляд, але пакрывіць супраць сумлення я не мог. І адмаўчацца таксама не мог.

У дыскусіі вакол фільма ўдзельнічаюць самыя розныя людзі і групы людзей. Але лістоў з выразамі абурэння сёння тысячы. Многія людзі не разумеюць, навошта трэба было ў год стагоддзя рэвалюцыі ў чарговы раз публічна плюнуць у чалавека, які быў расстраляны разам са сваёй сям'ёй, з непаўналетнімі дзецьмі. Гадавіна рэвалюцыі — нагода да малітвы і памінання бязвінна пацярпелых, а не да таго, каб працягваць аплёўваць іх памяць.

Не кажу ўжо пра тое, што для Царквы Гасудар імператар Мікалай Другі — старстацерпец, прылічаны да ліку святых. І Гасударыня імператрыца Аляксандра Фёдараўна, прадстаўленая ў фільме як істэрычная ведзьма, таксама прылічаная да ліку святых. На Царскія дні ў Екацярынбург збіраецца не менш за сто тысяч людзей, якія на працягу пяці гадзін ноччу ідуць хрэсным ходам ад месца яго расстрэлу на месца яго меркаванага пахавання.

Выказваю надзею на тое, што ў год стагоддзя трагічных падзей, якія выліліся ў шматмільённыя ахвяры нашага народа, знойдуцца такія рэжысёры, пісьменнікі і мастакі, якія змогуць аддаць належнае памяці забітага Гасудара.

Сінадальны аддзел па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ / Church.by