35 калектываў з 8 краін прынялі ўдзел у фестывалі «Каложскі Дабравест»
12 лютага 201810 лютага 2018 года ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры адбыліся ўрачысты гала-канцэрт XVII Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі Дабравест» і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Гран-пры фестывалю «Каложскі Дабравест» у гэтым годзе адправіцца на Украіну ў горад Дняпро. Хор студэнтаў Днепрапятроўскай акадэміі музыкі імя М. Глінкі быў прызнаны лепшым сярод 35 калектываў з 8 краін.
Хор студэнтаў Днепрапятроўскай акадэміі музыкі імя М. Глінкі — адзін з вядучых навучальных харавых калектываў Украіны. У рэпертуары хору лепшыя ўзоры сусветнай харавой класікі, духоўная музыка, апрацоўкі народных песень, харавыя творы сучасных кампазітараў. У розныя гады хорам кіравалі. Д. Кулагін, В. Таран, Н. Громчанка.
— Царкоўныя спевы ўнікальныя. Бо тыя, хто ходзіць у храм, ведаюць, што ўсё богаслужэнне складаецца з боганатхнёных тэкстаў. І калі мы слухаем Свяшчэннае Пісанне — мы чуем Бога, Які звяртаецца да нас. А калі мы ўнікаем розумам і сэрцам у малітву, мы адказваем Богу. І чалавек змяняецца, змяняецца яго стаўленне да жыцця, і, можа, самае галоўнае — мяняецца наша стаўленне адзін да аднаго, — адзначыў у сваім прывітальным слове архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.
«Каложскі Дабравест» — адно з самых маштабных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Гродне. У гэтым годзе яго ўдзельнікамі сталі каля паўтысячы харыстаў. Падлічыць дакладную колькасць слухачоў не ўяўляецца магчымым. Аднак аб папулярнасці фестывалю сярод публікі сведчаць перапоўненыя канцэртныя залы.
— Я хачу перш за ўсё звярнуцца ды вас, шаноўныя гледачы, і падзякаваць за падрымку, якую ўдзельнікі і арганізатары фестывалю адчувалі ад вас. Таму што любое мерапрыемства жыве тады, калі за яго галасуе глядач. Мне было прыемна бачыць поўную залу на адкрыцці, сёння і падчас праслухоўвання ў саборы, які быў не проста поўны: там не хапала месца для усіх жадаючых. Гэта кажа аб поспеху фестывалю і аб тым, што ў яго вельмі добрая будучыня, — падкрэсліў Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
У гэтым годзе амаль трэць харавых калектываў складалі дзіцячыя і моладзевыя хоры. А гэта значыць, што традыцыя царкоўнага спеву будзе працягвацца, што дае цвёрдую ўпэўненасць у тым, што і фестываль «Каложскі Дабравест» будзе радаваць слухачоў яшчэ доўгія гады.